Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/325

Гэта старонка не была вычытаная

Ён памятаў справу гэтых сектантаў, у яго было ўжо іхняе прашэнне. Справа была ў тым, што хрысціян, якія адышлі ад праваслаўя, перасцерагалі, а потым аддалі пад суд, але суд апраўдаў іх. Тады архіерэй з губернатарам парашылі, на падставе незаконнасці шлюбу, разаслаць мужоў, жонак і дзяцей у розныя месцы высылкі. Вось гэтыя бацькі і жонкі прасілі, каб іх не разлучалі. Тапароў успомніў пра гэту справу, калі яна першы раз патрапіла да яго. І тады ён вагаўся, ці не спыніць яе. Але шкоды не магло быць ніякай ад замацавання загадаў аб тым, каб разаслаць у розныя месцы членаў сем‘яў гэтых сялян; пакіданне-ж іх на месцах магло мець кепскія вынікі на астатняе насельніцтва ў сэнсе адыходу іх ад праваслаўя, пры тым-жа гэта паказвала стараннасць архіерэя, і таму ён даў ход справе так, як яна была накіравана.

Цяпер-жа, з гэткім абаронцай, як Нехлюдаў, які меў сувязі ў Пецербургу, справа магла быць перададзена цару, як нешта жорсткае, або патрапіць у замежныя газеты, і таму ён адразу-ж зрабіў нечаканае рашэнне.

— Добры дзень, — сказаў ён з выглядам вельмі занятага чалавека, стоячы сустракаючы Нехлюдава і адразу-ж пераходзячы да справы.

— Я ведаю гэту справу. Як толькі я зірнуў на імёны, я ўспомніў аб гэтай няшчаснай справе, — сказаў ён, узяўшы ў рукі прашэнне і паказваючы яго Нехлюдаву. — І я вельмі дзякую вам, што вы напомнілі мне аб ім. Гэта губернская ўлада перастаралася… — Нехлюдаў маўчаў, з нядобрым пачуццём гледзячы на нерухомую маску бледнага твара.

— І я загадаю, каб гэта мерапрыемства адмянілі, і людзі гэтыя зноў пасяліліся на месца жыхарства.

— Значыць, я магу не даваць ходу гэтаму прашэнню? — сказаў Нехлюдаў.

— Канечне. Я вам абяцаю гэта, — сказаў ён з асаблівым націскам на слове „я“, відавочна, цалкам упэўнены, што яго сумленнасць, яго словы былі самай лепшай зарукай. — Але лепей за ўсё я зараз напішу. Калі ласка, сядайце.

Ён падышоў да стала і пачаў пісаць. Нехлюдаў не сеў