Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/327

Гэта старонка не была вычытаная

і сектантаў за парушэнне праваслаўя, і Гуркевіча за жаданне канстытуцыі, — Нехлюдаву з незвычайнай яснасцю прышла думка аб тым, што ўсіх гэтых людзей хапалі, замыкалі або высылалі зусім не таму, што гэтыя людзі парушалі справядлівасць або рабілі беззаконні, а толькі таму, што яны перашкаджалі чыноўнікам і багатым уладаць тым багаццем, якое яны збіралі з народу.

А гэтаму перашкаджала і баба, якая гандлявала безпатэнта, і злодзей, які цягаўся па горадзе, і Лідзія з пракламацыямі, і сектанты, якія разбуралі забабоны, і Гуркевіч з канстытуцыяй. І таму Нехлюдаву здавалася зусім ясным, што ўсе гэтыя чыноўнікі, — пачынаючы ад мужа яго цёткі, сенатараў і Тапарова, да ўсіх тых маленькіх, чыстых і карэктных панкоў, якія сядзелі за сталамі ў міністэрствах, — адносіліся абыякава да таго, што пакутвалі бязвінныя, а клапаціліся толькі аб тым, каб пазбавіцца ад усіх небяспечных.

Так што не толькі не выконвалася правіла аб дараванні дзесяці вінаватым для таго, каб не абвінаваціць бязвіннага, а, наадварот, таксама, як для таго, каб выразаць гнілое, трэба захапіць свежага, — касавалася шляхам пакарання дзесяці бяспечных для таго, каб збавіцца ад аднаго сапраўды небяспечнага.

Гэткае тлумачэнне ўсяго таго, што адбывалася, здавалася Нехлюдаву вельмі простым і ясным, але іменна гэта простасць і яснасць і прымушалі Нехлюдава вагацца ў прызнанні яго. Не можа-ж быць, каб гэткая складаная з‘ява мела гэткае простае і жахлівае тлумачэнне, не магло-ж быць, каб усе тыя словы аб справядлівасці, дабры, законе, веры, богу і д. т. п. былі толькі словы і прыкрывалі самую грубую карыслівасць і жорсткасць.


XXVIII

Нехлюдаў паехаў-бы таго-ж дня ўвечары, але ён абяцаў Mariette быць у яе ў тэатры, і хаця ён ведаў, што гэтага не трэба было рабіць, ён усё-такі, крывячы перад самім сабой душой, паехаў, лічачы сябе звязаным дадзеным словам.