Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

вызываючымі жэстамі трымалі свае шчэпоткі, а іншыя распускалі іх і зноў збіралі. Усім было няёмка, адзін толькі старэнькі свяшчэннік быў упэўнены, што ён робіць вельмі карысную і важную справу. Пасля прысягі судовы старшыня прапанаваў прысяжным абраць старшыню. Прысяжныя ўсталі і, гурмой, прайшлі ў дарадчы пакой, дзе амаль усе яны адразу-ж дасталі папяросы і пачалі курыць. Нехта прапанаваў за старшыню самавітага пана, і ўсе адразу-ж згадзіліся і, кінуўшы і патушыўшы недакуркі, вярнуліся ў залу. Абраны старшыня абвясціў судоваму старшыні, каго абралі за старшыню, і ўсе зноў, шагаючы цераз ногі адзін аднаму, паселі ў два рады на крэслы з высокімі спінкамі.

Усё ішло без затрымак, хутка і не без урачыстасці, і гэта правільнасць, паслядоўнасць, і ўрачыстасць, відаць, была прыемнай для ўдзельнікаў, сцвярджаючы ў іх думку, што яны робяць сур‘ёзную і значную грамадскую справу. Гэта адчуванне было і ў Нехлюдава.

Як толькі прысяжныя паселі, старшыня сказаў ім прамову аб іх правах, абавязках і адказнасці. Гаворачы сваю прамову, старшыня безупынна мяняў позу: то абапіраўся на правую, то на левую руку, то на спінку, то на ручкі крэслаў, то падраўніваў краі паперы, то гладзіў разразны нож, то мацаў аловак.

Правы іхныя, паводле яго слоў, складаліся з таго, што яны могуць запытваць падсудных праз старшыню, могуць мець аловак і паперу і могуць аглядаць рэчавыя доказы. Абавязак складаўся з таго, каб яны судзілі не фальшыва, а справядліва. Адказнасць-жа іх складалася з таго, што ў выпадку парушэння тайны нарад і ўстанаўлення зносін са староннімі, яны падлягалі пакаранню.

Усе слухалі з пачцівай увагай. Купец, распаўсюджваючы вакол сябе пахі віна і, стрымліваючы шумную адрыжку, на кожную фразу з ухвалай ківаў галавой.


IX

Скончыўшы сваю прамову, старшыня звярнуўся да падсудных.

— Сімон Карцінкін, устаньце, — сказаў ён.