Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/330

Гэта старонка не была вычытаная

сотняў людзей, і ёй гэта зусім абыякава, і што ўсё, што яна гаварыла ўчора, было няпраўдай, а што ёй хочацца — ён не ведаў для чаго, ды і яна сама не ведала — прымусіць яго пакахаць сябе. І яму было і прывабна і брыдка. Ён некалькі разоў збіраўся пайсці, браўся за капялюш і зноў аставаўся. Але ўрэшце, калі муж, з пахам тытуну на сваіх густых вусах, вярнуўся ў ложу і міласліва пагардліва зірнуў на Нехлюдава, як быццам не пазнаючы яго, Нехлюдаў не даў зачыніцца дзвярам, вышаў у калідор і, знайшоўшы сваё паліто, пайшоў з тэатра.

Калі ён ішоў дамоў па Неўскаму, ён уперадзе сябе мімаволі заўважыў высокую, вельмі добра складзеную і з крыклівай пышнасцю адзетую жанчыну, якая спакойна ішла па асфальце шырокага тратуара, і на твары яе, і ва ўсёй фігуры відаць было разуменне сваёй нядобрай улады. Усе, хто сустракаліся і выпераджалі гэту жанчыну, аглядалі яе. Нехлюдаў ішоў хутчэй, як яна, і таксама мімаволі заглянуў ёй у твар. Твар, напэўна, падфарбаваны, быў прыгожы, і жанчына ўсміхнулася Нехлюдаву, бліснуўшы на яго вачыма. І дзіўная справа, Нехлюдаў адразу-ж успомніў аб Mariette, таму што перажыў тое самае пачуццё прывабнасці і агіды, якое ён перажываў у тэатры. Паспешна выперадзіўшы яе, Нехлюдаў, узлаваўшыся на сябе, павярнуў на Марскую і, вышаўшы на ўзбярэжную, пачаў, здзіўдяючы гарадавога, узад і ўперад хадзіць там.

„Таксама і тая ў тэатры ўсміхнулася мне, калі я ўвайшоў, — думаў ён, — той самы сэнс быў у той і ў гэтай усмешцы. Розніца толькі ў тым, што гэта гаворыць проста і адкрыта: „Патрэбна я табе — бяры мяне. Не патрэбна — праходзь міма“. Тая-ж прыкідаецца, што яна не аб гэтым думае, а жыве нейкімі вышэйшымі, далікатнымі пачуццямі, а па сутнасці тое самае. Гэта, прынамсі, праўдзівая, а тая хлусіць. Мала таго, гэта беднасцю прыведзена ў сваё становішча, тая-ж гуляе, забаўляецца гэтай цудоўнай, брыдкай і страшнай страсцю. Гэта вулічная жанчына — смярдзючая, брудная вада, якая прапаноўваецца тым, у каго смага мацней, як агіднасць; тая, у тэатры, — атрута, якая паціху атручвае ўсё, у што патрапіць. — Нехлюдаў успомніў сваю