Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/332

Гэта старонка не была вычытаная

хацелася поспеху. Ён падрыхтаваўся да думкі аб паездцы ў Сібір, аб жыцці сярод высланых і катаржных, і яму цяжка было ўявіць сабе, якім чынам ён-бы ўпарадкаваў сваё жыццё і жыццё Маславай, калі-б яе апраўдалі. Ён успамінаў словы амерыканскага пісьменніка Торо, які ў той час, калі ў Амерыцы было рабства, гаварыў, што адзінае месца, прыстойнае для сумленнага грамадзяніна ў той дзяржаве, у якой узаконьваецца і абараняецца рабства, ёсць турма. Якраз таксама думаў Нехлюдаў, асабліва пасля паездкі ў Пецербург і ўсяго, што ён даведаўся там.

„Так, адзінае прыстойнае месца для сумленнага чалавека Ў Расіі ў цяперашні час ёсць турма!“ — думаў ён. І ён нават непасрэдна адчуваў гэта, пад‘язджаючы да турмы і ўваходзячы ў яе сцены.

Швейцар у больніцы, пазнаўшы Нехлюдава, адразу-ж паведаміў яго, што Маславай ужо ў іх няма.

— Дзе-ж яна?

— Ды зноў у замку.

— Чаму-ж перавялі? — спытаў Нехлюдаў.

— Гэта-ж такі народ, ваша сіяцельства, — сказаў швейцар, зняважліва ўсміхаючыся, — пачала тут любоў круціць з фершалам, старшы доктар і прагнаў.

Нехлюдаў ніяк не думаў, каб Маслава і яе душэўнае становішча былі блізкімі да яго. Вестка гэта збянтэжыла яго. Ён перажыў пачуццё, падобнае да таго, якое перажываюць людзі пры вестцы аб нечаканым вялікім няшчасці. Яму зрабілася вельмі балюча. Першае адчуванне, перажытае ім ад гэтай весткі, быў сорам. Перш за ўсё ён здаўся сабе смешным з сваім радасным уяўленнем аб яе нібы змененым душэўным становішчы. Усе гэтыя словы яе аб нежаданні прыняць яго ахвяру і папіканні, і слёзы — усё гэта былі, падумаў ён, толькі хітрыкі сапсаванай жанчыны, якая жадала як мага лепей скарыстаць яго. Яму здавалася цяпер, што ў апошняе наведванне ён бачыў у ёй прыкметы той непапраўнасці, якая выявілася цяпер. Усё гэта прамільгнула ў яго галаве ў той час, калі ён інстынктыўна надзяваў капялюш і выходзіў з больніцы.

„Але што-ж рабіць цяпер? — спытаў ён сябе. — Ці звязаны