Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/333

Гэта старонка не была вычытаная

я з ёю? Ці не аслабаніўся я цяпер іменна гэтым яе ўчынкам?" спытаў ён сябе.

Але як толькі ён задаў сабе гэта пытанне, ён адразу-ж зразумеў, што, палічыўшы сябе аслабанёным і пакінуўшы яе, ён пакарае не яе, чаго яму хацелася, а сябе, і яму зрабілася страшна.

„Не! Тое, што здарылася, не можа змяніць — можа толькі сцвердзіць маё рашэнне. Яна хай робіць тое, што выцякае з яе душэўнага становішча, — шашні з фельчарам, хай шашні з фельчарам — гэта яе справа… А мая справа рабіць тое, чаго патрабуе ад мяне маё сумленне, — сказаў ён сабе. — Сумленне-ж маё патрабуе ахвяры сваёй свабодай для выпраўлення майго граха, і рашэнне маё ажаніцца з ёю, хаця і фіктыўным шлюбам, і пайсці за ёю, куды-б яе не паслалі, астаецца нязменным“, са злой упартасцю сказаў ён сабе і, вышаўшы з больніцы, рашучай хадой накіраваўся да вялікіх варот астрога.

Падышоўшы да варот, ён папрасіў дзяжурнага далажыць сматрыцелю аб тым, што жадаў-бы бачыць Маславу. Дзяжурны ведаў Нехлюдава і, як знаёмаму чалавеку, расказаў яму іхнюю важную турэмную навіну; капітан зволіўся, і на месца яго паступіў другі, строгі начальнік.

— Строгасці пайшлі цяпер — бяда, — сказаў надзірацель. — Ён цяпер тут, зараз даложаць.

Сапраўды, сматрыцель быў у турме і скора вышаў да Нехлюдава. Новы сматрыцель быў высокі, кастлявы чалавек з выпятымі косткамі над шчокамі, вельмі павольны ў рухах і пануры.

— Спатканні дазваляюцца ў пэўныя дні ў пакоі для наведвальнікаў, — сказаў ён, не гледзячы на Нехлюдава.

— Але мне трэба падпісаць прашэнне на высачайшае імя.

— Можаце перадаць мне.

— Мне трэба самому бачыць арыштантку. Мне заўсёды дазвалялі раней.

— Тое было раней, — хутка зірнуўшы на Нехлюдава, сказаў сматрыцель.

— Я маю дазвол ад губернатара, — настойваў Нехлюдаў, дастаючы партманэт.