Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/334

Гэта старонка не была вычытаная

— Дазвольце, — усё таксама, не гледзячы ў вочы, сказаў сматрыцель і, узяўшы даўгімі сухімі белымі пальцамі, з якіх на ўказальным было залатое кальцо, пададзеную Нехлюдавым паперу, ён павольна прачытаў яе. — Калі ласка, у кантору, — сказаў ён.

У канторы на гэты раз нікога не было. Сматрыцель сеў за стол, перабіраючы паперы, якія ляжалі на ім, відавочна збіраючыся прысутнічаць сам пры спатканні. Калі Нехлюдаў спытаў яго, ці не можа ён бачыць палітычную Богадухоўскую, дык сматрыцель коратка адказаў, што гэта нельга.

— Спатканні з палітычнымі не дазваляюцца, — сказаў ён і зноў паглыбіўся ў чытанне папер.

Маючы ў кішэні ліст да Богадухоўскай, Нехлюдаў адчуваў сябе ў становішчы правінавачанага чалавека, намеры якога адкрылі і разбурылі.

Калі Маслава ўвайшла ў кантору, сматрыцель падняў галаву і, не гледзячы ні на Маславу, ні на Нехлюдава, сказаў:

— Можаце! — і працягваў займацца сваімі паперамі.

Маслава была апранута, як раней: у белай кофтачцы, спадніцы і хусцінцы. Падышоўшы да Нехлюдава і ўбачыўшы яго халодны, злы твар, яна барвова пачырванела і, перабіраючы рукой край кофты, апусціла вочы. Збянтэжанне яе было для Нехлюдава сцвярджэннем слоў больнічнага швейцара.

Нехлюдаў хацеў абыходзіцца з ёю як мінулы раз, але не мог, як ён хацеў, падаць рукі: так яна цяпер была брыдкай яму.

— Я прывёз вам нядобрую вестку, — сказаў ён роўным голасам, не гледзячы на яе і не падаючы рукі, — у сенаце адмовілі.

— Я так і ведала, — сказала яна дзіўным голасам, нібы яна задыхалася.

Раней Нехлюдаў спытаў-бы, чаму яна гаворыць, што так і ведала; цяпер ён толькі зірнуў на яе. Вочы яе былі напоўнены слязмі.

Але гэта не толькі не заспакоіла, а, наадварот, яшчэ больш раззлавала яго супроць яе. Сматрыцель устаў і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі.