Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/337

Гэта старонка не была вычытаная

адносіны з мужчынамі зрабіліся для яе асабліва брыдкімі. Тое, што, мяркуючы па яе мінуламу і цяперашняму стану, кожны, і паміж іншым прышчаваты фельчар, лічыў сябе маючым права зневажаць яе і здзіўляўся яе адмаўленню, было ёй вельмі крыўдна і выклікала ў яе жаласлівасць да самой сябе і слёзы. Цяпер, вышаўшы да Нехлюдава, яна хацела апраўдацца перад ім у тым несправядлівым абвінавачванні, якое ён, напэўна, пачуе. Але, пачаўшы апраўдвацца, адчула, што ён не верыць, што яе апраўданні толькі сцвярджаюць яго падазрэнні, і слёзы ўступілі ёй у горла, і яна замаўчала.

Маслава ўсё яшчэ думала і працягвала запэўняць сябе, што яна, як яна гэта выказала яму на другім спатканні, не даравала яму і ненавідзіць яго, але яна ўжо даўно зноў кахала яго і кахала так, што мімаволі выконвала ўсё тое, што і чаго ён жадаў ад яе: пакінула піць, курыць, пакінула какецтва і паступіла ў больніцу служанкай. Усё гэта яна рабіла таму, што ведала, што ён жадае гэтага. Калі яна гэтак рашуча адмаўлялася кожны раз, калі ён напамінаў аб гэтым, прыняць яго ахвяру ажаніцца з ёю, дык гэта было і таму, што ёю хацелася паўтарыць тыя гордыя словы, якія яна раз сказала яму, і, галоўнае, таму, што яна верыла, што шлюб з ёй будзе яго няшчасцем. Яна цвёрда парашыла, што не прыме яго ахвяры, а тым часам ёй было балюча думаць, што ён пагарджае ёю, думае, што яна астаецца быць гэткаю, якой яна была, і не бачыць той змены, якая адбылася ў ёй. Тое, што ён можа думаць цяпер, што яна зрабіла нешта дрэннае ў больніцы, мучыла яе больш, як вестка аб тым, што яна канчаткова засуджана на катаргу:


XXX

Маславу маглі адправіць з першай партыяй, і таму Нехлюдаў рыхтаваўся да ад‘езду. Але спраў у яго было столькі, што ён адчуваў, што колькі-б ні меў вольнага часу, ён ніколі не скончыць іх. Было зусім процілеглае таму, што было раней. Раней трэба было выдумляць, што рабіць, і інтарэс справы быў заўсёды той самы — Дзмітрый