Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/339

Гэта старонка не была вычытаная

Чацвертая справа гэта складалася з вырашэння пытання аб тым, што такое, навошта і адкуль узялася гэта дзіўная ўстанова пад назвай крымінальны суд, вынікам якой была тая турма, з жыхарамі якой ён часткова пазнаёміўся, і ўсе тыя месцы зняволення, ад Петрапаўлаўскай крэпасці да Сахаліна, дзе мардаваліся сотні, тысячы ахвяр гэтага дзіўнага для яго крымінальнага закона.

З асабістых адносін з арыштаванымі, з дапытвання адваката, турэмнага свяшчэнніка, сматрыцеля і са спісу зняволеных Нехлюдаў прышоў да заключэння, што склад арыштантаў, так званых злачынцаў, падзяляецца на пяць разрадаў людзей.

Адзін, першы разрад — людзі зусім бязвінныя, ахвяры судовых памылак, як несапраўдны падпальнік Меншоў, як Маслава і інш. Людзей гэтага разраду было не дужа багата, па назіраннях свяшчэнніка — каля сямі процантаў, але становішча гэтых людзей выклікала асаблівую цікавасць.

Другі разрад складалі людзі, засуджаныя за ўчынкі, зробленыя ў выключных абставінах, як разгневанасць, рэўнасць, ап‘яненне і т. п., такія ўчынкі, якія напэўна зрабілі-б у такіх самых умовах амаль усе тыя, якія судзілі і каралі іх. Гэты разрад складаў, па назіраннях Нехлюдава, бадай ці не больш паловы ўсіх злачынцаў.

Трэці разрад складаўся з людзей, пакараных за тое, што яны рабілі, па іхніх думках, самыя звычайныя і нават добрыя ўчынкі, але такія, якія па думках чужых для іх людзей, што пісалі законы, лічыліся злачынствамі. Да гэтага разраду належалі людзі, якія таемна гандлявалі віном, перавозілі кантрабанду, рвалі траву, збіралі дровы ў вялікіх уласніцкіх і дзяржаўных лясах. Да гэтых-жа людзей належалі зладзеі з горцаў і яшчэ знявераныя людзі, што абкрадалі цэрквы.

Чацверты разрад складаўся з людзей, толькі таму залічаных у злачынцы, што яны стаялі маральна вышэй сярэдняга ўзроўню грамадства. Гэткімі былі сектанты, гэткімі былі палякі, чэркесы, якія бунтавалі за сваю незалежнасць, гэткімі былі палітычныя злачынцы — соцыялісты і забастоўшчыкі, засуджаныя за супраціўленне ўладзе. Процант та-