Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/344

Гэта старонка не была вычытаная

нік, сустрэўшы яе ў цёмным, з цяжкім пахам, удзень асветленым калідоры, сказаў ёй, што князя няма дома.

Наталля Іванаўна пажадала ўвайсці ў нумар брата, каб пакінуць яму запіску. Калідорны правёў яе.

Увайшоўшы ў яго малецькія два пакойчыкі, Наталля Іванаўна ўважліва агледзела іх. На ўсім яна ўбачыла знаёмую ёй чыстату і акуратнасць і зусім новую для яго скромнасць абсталявання, якая здзівіла яе. На пісьмовым стале яна ўбачыла знаёмае ёй прэспап‘е з бронзавай сабачкай; таксама знаёма акуратна раскладзеныя партфелі і паперы, і пісьмовыя прылады, тамы ўкладання аб пакараннях, і англійскую кнігу Генры Джорджа і французскую — Тарда з укладзеным у яе знаёмым ёй крывым вялікім нажом з слановай косці.

Прысеўшы да стала, яна напісала яму запіску, у якой прасіла яго прыйсці да яе абавязкова, сёння-ж; і, здзіўлена ківаючы галавой на тое, што яна бачыла, вярнулася да сябе ў гасцініцу.

Наталлю Іванаўну цікавілі цяпер у дачыненні да брата два пытанні: яго жаніцьба з Кацюшай, пра якую яна чула ў сваім горадзе, бо ўсе гаварылі пра гэта, і яго аддача зямлі сялянам, якая таксама была ўсім вядома і здавалася шмат каму нечым палітычным і небяспечным. Жаніцьба з Кацюшай, з аднаго боку, падабалася Наталлі Іванаўне. Яна любавалася гэтай рашучасцю, пазнавала ў гэтым яго і сябе, якімі яны былі абодва ў тыя добрыя часы да замужаства, але разам з тым ёй рабілася жудасна ад думкі аб тым, што брат яе ажэніцца з гэткай жудаснай жанчынай. Апошняе пачуццё было мацней, і яна рашыла, наколькі магчыма, уздзейнічаць на яго і стрымаць яго, хаця яна і ведала, як гэта цяжка. Другая-ж справа, аддача зямлі сялянам, была не гэтакай блізкай да яе сэрца; але муж яе вельмі абураўся гэтым і патрабаваў ад яе ўздзейнічання на брата. Ігнацій Нікіфаравіч гаварыў, што гэткі ўчынак ёсць звышнеабгрунтаванасць, звышлёгкадумнасць і звышгонар, што растлумачыць гэткі ўчынак, калі ёсць якая-небудзь магчымасць растлумачыць яго, можна толькі жаданнем вылучыцца, пахваліцца, выклікаць аб сабе размовы.