Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/345

Гэта старонка не была вычытаная

— Які сэнс мае аддача зямлі сялянам з аплатай ім самім-жа сябе? — гаварыў ён. — Калі ўжо ён хацеў гэта зрабіць, мог прадаць ім праз сялянскі банк. Гэта мела-б сэнс. Наогул гэты ўчынак мяжуе з ненармальнасцю, — гаварыў Ігнацій Нікіфаравіч, падумваючы ўжо наконт апекі, і патрабаваў ад жонкі, каб яна сур‘ёзна пагаварыла з братам аб яго дзіўным намеры.


XXXII

Вярнуўшыся дамоў і знайшоўшы ў сябе на стале запіску сястры, Нехлюдаў адразу-ж паехаў да яе. Гэта было ўвечары. Ігнацій Нікіфаравіч адпачываў у другім пакоі, і Наталля Іванаўна адна сустрэла брата. Чорнае шаўковае плацце аблягала яе стан, чырвоны бант быў на грудзях, чорныя валасы яе былі ўскудлачаны і зачасаны па-моднаму. Яна, відавочна, старанна маладзілася для равесніка-мужа. Убачыўшы брата, яна ўскочыла з канапы і хуткай хадою, аж зашуршэла шаўковая спадніца, вышла яму насустрач. Яны пацалаваліся і, усміхаючыся, паглядзелі адзін на аднаго. Адбыўся той таемны, які нельга выказаць словамі, шматзначны абмен поглядаў, у якім усё было праўдай, і пачаўся абмен слоў, у якім ужо не было той праўды. Яны не бачыліся пасля смерці маці.

— Ты патаўсцела і памаладзела, — сказаў ён.

У яе зморшчыліся губы ад здавальнення.

— А ты пахудзеў.

— Ну, што Ігнацій Нікіфаравіч? — спытаў Нехлюдаў.

— Ён адпачывае. Ён не спаў ноч.

Багата-б тут трэба сказаць, але словы нічога не сказалі, а погляды казалі, што тое, што трэба-б сказаць, не сказана.

— Я была ў цябе.

— Так, я ведаю. Я паехаў з дому. Мне прасторна, адзінотна, сумна. А мне нічога гэтага не патрэбна, так што ты вазьмі гэта ўсё, г. зн. мэблю — усе рэчы.

— Але, мне сказала Аграфена Пятроўна. Я была там. Вельмі дзякую табе. Але…