Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/346

Гэта старонка не была вычытаная

У гэты час лёкай гасцініцы прынёс срэбраны чайны прыбор.

Яны памаўчалі, пакуль лёкай расстаўляў чайны прыбор. Наталля Іванаўна перайшла на крэсла супроць століка і моўчкі засыпала чай. Нехлюдаў маўчаў.

— Ну, што-ж, Дзмітрый, я ўсё ведаю, — з рашучасцю сказала Наташа, зірнуўшы на яго.

— Што-ж, я вельмі рад, што ты ведаеш.

— Хіба ты можаш спадзявацца выправіць яе пасля такога жыцця? — сказала Наталля Іванаўна.

Ён сядзеў, не абапёршыся лакцямі, проста, на маленькім стуле, і ўважліва слухаў яе, стараючыся як след зразумець і як след адказаць. Настрой, выкліканы ў ім апошнім спатканнем з Маславай, яшчэ працягваў напаўняць яго душу спакойнай радасцю і спагадлівасцю да ўсіх людзей.

— Я-ж не яе выправіць, а сябе выправіць хачу, — адказаў ён.

Наталля Іванаўна ўздыхнула.

— Ёсць іншыя сродкі, апрача жаніцьбы.

— А я думаю, што гэта лепшы; апрача таго, гэта ўводзіць мяне ў той свет, дзе я магу быць карысным.

— Я не думаю, — сказала Наталля Іванаўна, — каб ты мог быць шчаслівым.

— Справа не ў маім шчасці.

— Зразумела, але яна, калі ў яе ёсць сэрца, не можа быць шчаслівай, не можа нават жадаць гэтага.

— Яна і не жадае.

— Я разумею, але жыццё…

— Што жыццё?

— Патрабуе іншага.

— Нічога не патрабуе, апрача таго, каб мы рабілі, што патрэбна, — сказаў Нехлюдаў, гледзячы ў яе прыгожы яшчэ, хаця і пакрыты каля вачэй і рота дробнымі маршчынкамі, твар.

— Не разумею, — сказала яна, уздыхнуўшы.

„Бедная, мілая! Як яна магла гэтак змяніцца?“ — думаў Нехлюдаў, успамінаючы Наташу гэткаю, якая яна была да замужаства, і адчуваючы да яе сплеценае з безліччу дзіцячых успамінаў пяшчотнае пачуццё.