Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/348

Гэта старонка не была вычытаная

— А адмовіў, дык, значыць, не было грунтоўных повадаў касацыі, — сказаў Ігнацій Нікіфаравіч, відавочна зусім падзяляючы пэўную думку аб тым, што ісціна ёсць прадукт судагаварэння. — Сенат не можа ўваходзіць у разгляд справы па сутнасці. Калі-ж сапраўды ёсць судовая памылка, дык тады трэба прасіць на высачайшае імя.

— Пададзена, але няма ніякай надзеі на поспех. Даведаюцца ў міністэрстве, міністэрства запытае сенат, сенат паўторыць сваё рашэнне, і, як звычайна, бязвіннага пакараюць.

— Па-першае, міністэрства не будзе запытваць сенат, — з усмешкай перавагі сказаў Ігнацій Нікіфаравіч, — а патрабуе арыгінал справы з суда, і калі знойдзе памылку, дык і дасць заключэнне ў гэтым сэнсе, а, па-другое, бязвінныя ніколі, або, прынамсі, як самае рэдкае выключэнне, бываюць пакараны. А караюць вінаватых, — не спяшаючы, з самазадаволенай усмешкай гаварыў Ігнацій Нікіфаравіч.

— А я пераканаўся ў процілеглым, — загаварыў Нехлюдаў з нядобрым пачуццём да швагра, — я пераканаўся, што больш паловы людзей, засуджаных судамі, бязвінна.

— Гэта як-жа?

— Бязвінна звычайна ў простым сэнсе слова, як бязвінна гэта жанчына ў атручэнні, як бязвінен селянін, з якім я сустрэўся цяпер, у забойстве, якога ён не рабіў; як бязвінны сын і маці ў падпале, зробленым самім гаспадаром, якія амаль былі абвінавачаны.

— Так, зразумела, заўсёды былі і будуць судовыя памылкі. Чалавечая ўстанова не можа быць дасканальнай.

— А затым велізарная частка бязвінных таму, што яны, выхаваўшыся ў пэўным асяроддзі, не лічаць зробленыя імі ўчынкі злачынствам.

— Выбачце, гэта несправядліва; кожны злодзей ведае, што зладзейства нядобра і што не трэба красці, што зладзейства несумленна, — са спакойнай, самаўпэўненай, усё той самай, некалькі пагардлівай усмешкай, якая асабліва раздражняла Нехлюдава, сказаў Ігнацій Нікіфаравіч.

— Не, не ведае; яму гавораць: не крадзі, а ён бачыць і ведае, што фабрыканты крадуць яго працу, беручы яго