Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/353

Гэта старонка не была вычытаная

— Я хачу сказаць, што, уласна, разумных пакаранняў ёсць толькі два — тыя, якія скарыстоўваліся ў старыя часы: цялесныя пакаранні і кара смерцю, але якія з прычыны змякчэння звычаяў усё больш і больш выводзяцца, — сказаў Нехлюдаў.

— Усё гэта і нова і дзіўна ад вас чуць.

— Так, разумна зрабіць балюча чалавеку, каб ён потым не рабіў таго-ж, завошта яму зрабілі балюча, і зусім разумна шкоднаму, небяспечнаму для грамадства члену адсячы галаву. Абодва гэтыя пакаранні маюць разумны сэнс. Але які сэнс мае тое, каб чалавека, сапсаванага бяздзейнічаннем і дурным прыкладам, пасадзіць у турму, ва ўмовы забяспечанага і абавязковага бяздзейнічання, у асяроддзе самых распусных людзей? або перавесці чамусьці на дзяржаўны кошт — кожны каштуе больш як 500 рублёў — з Тульскай губерні ў Іркуцкую, або з Курскай…

— Але, аднак, людзі баяцца гэтых падарожжаў за дзяржаўны кошт, і калі-б не было гэтых падарожжаў і турмаў, мы-б не сядзелі тут з вамі, як сядзім цяпер.

— Не могуць гэтыя турмы забяспечыць нам спакой, таму што людзі гэтыя сядзяць там не вечна і іх выпускаюць. Наадварот, у гэтых установах даводзяць гэтых людзей да вышэйшай ступені злачыннасці і распусты, г. зн. павялічваюць небяспеку.

— Вы хочаце сказаць, што пенітэнцыярная сістэма павінна быць удасканалена.

— Нельга яе ўдасканальваць. Удасканаленыя турмы каштавалі-б даражэй таго, што выдаткуецца на народную асвету, і ляглі-б новым цяжарам на той самы народ.

— Але недахопы пенітэнцыярнай сістэмы ніяк не інвалідуюць самы суд, — зноў, не слухаючы швагра, працягваў Ігнацій Нікіфаравіч.

— Нельга выправіць гэтыя недахопы, — узнімаючы голас, гаварыў Нехлюдаў.

— Дык што-ж? Трэба забіваць? Ці, як адзін дзяржаўны чалавек прапаноўваў, выколваць вочы? — сказаў Ігнацій Нікіфаравіч, пераможна ўсміхаючыся.

— Так, гэта было-б жорстка, але мэтазгодна. Тое-ж, што цяпер робіцца, і жорстка і не толькі нямэтазгодна, але