Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/356

Гэта старонка не была вычытаная

не было, а калі ён узнімаўся, дык прыносіў насычанае пылам і смуродам маслянай фарбы смярдзючае і гарачае паветра. Народу было мала на вуліцах, і тыя, хто былі, стараліся ісці ў цяні дамоў. Толькі чорназагарэлыя ад сонца сяляне-брукары ў лапцях сядзелі пасярэдзіне вуліцы і білі малаткамі па каменнях, якія ўкладалі ў гарачы пясок, ды панурыя гарадавыя ў нябеленых кіцелях і з яркажоўтымі шнуркамі рэвальвераў, нудна перамінаючыся, стаялі пасярэдзіне вуліц, ды завешаныя з аднаго боку ад сонца конкі, запрэжаныя коньмі ў белых каптурах, з прарэзаў якіх тырчэлі вушы, звонячы, пракатваліся ўгору і ўніз па вуліцах.

Калі Нехлюдаў пад‘ехаў да турмы, партыя яшчэ не выходзіла, і ў турме ўсё яшчэ ішла, пачынаючы з 4 гадзін раніцы, узмоцненая работа здачы і прыёмкі арыштантаў для адпраўкі. У партыі, прызначанай на адпраўленне, было 623 мужчыны і б4 жанчыны: усіх трэба было праверыць па стацейных спісах, выбраць хворых і слабых і перадаць канвойным. Новы сматрыцель, два памочнікі яго, доктар, фельчар, канвойны афіцэр і пісар сядзелі каля выстаўленага на дварэ ў цяні сцяны стала з паперамі і канцылярскімі прыладамі і па аднаму пераклікалі, аглядалі, дапытвалі і запісвалі арыштантаў, якія ішлі да іх адзін за адным. Стол цяпер ужо да паловы быў заліты праменнямі сонца. Рабілася горача і асабліва душна —не было ветру, і ад дыхання арыштантаў, што стаялі тутака-ж натоўпам.

— Але што-ж гэта, канца няма! — гаварыў, зацягваючыся папяросай, высокі, тоўсты, чырвоны, з паднятымі плячыма і кароткімі рукамі, курачы ўвесь час у абвіслыя над ротам вусы, канвойны начальнік. — Змучылі зусім. Адкуль вы іх паназбіралі столькі? Ці багата яшчэ?

Пісар даведаўся.

— Яшчэ 24 чалавекі ды жанчыны.

— Ну, што сталі, падыходзь!.. — крыкнуў канвойны на яшчэ неправераных арыштантаў, якія ціснуліся адзін за адным.

Арыштанты ўжо больш як тры гадзіны стаялі ў радах, і не ў цяні, а на сонцы, чакаючы чаргі.

Работа гэта ішла ўнутры турмы, знадворку-ж, каля варот, стаяў, як звычайна, вартавы са стрэльбай, дзесяткі