Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/357

Гэта старонка не была вычытаная

са два ламавых пад рэчы арыштантаў і пад слабых і каля рогу кучка сваякоў і прыяцеляў, якія чакалі выхаду арыштантаў, каб пабачыць і, калі можна, пагутарыць і перадаць што-небудзь прызначаным на адпраўку. Да гэтай кучкі далучыўся і Нехлюдаў.

Ён прастаяў тут каля гадзіны. У канцы гадзіны за варотамі пачуўся бразгат ланцугоў, гукі крокаў, строгія галасы, пакашліванне і нягулкая гамонка вялікага натоўпу. Так працягвалася мінут пяць. У гэты час уваходзілі і выходзілі ў фортку надзірацелі. Урэшце пачулася каманда.

З грукатам адкрыліся вароты, бразгат ланцугоў зрабіўся гучнейшым, і на вуліцу вышлі канвойныя салдаты ў белых кіцелях, са стрэльбамі і — відавочна, як знаёмы і прывычны манеўр, — расстанавіліся шырокім кругам перад варотамі. Калі яны сталі, пачулася новая каманда, і парамі пачалі выходзіць арыштанты ў блінападобных шапках на паголеных галовах, з мяшкамі за плячыма, цягнучы закутыя ногі і махаючы адной вольнай рукой, а другой падтрымліваючы мяшок. Спачатку ішлі катаржныя мужчыны, усе у аднолькавых шэрых нагавіцах і халатах з тузамі на спінах. Усе яны — маладыя, старыя, худыя, тоўстыя, бледныя, чырвоныя, чорныя, вусатыя, барадатыя, безбародыя, рускія, татары, яўрэі — выходзілі, звонячы кайданамі і жвава махаючы рукой, нібы збіраючыся ісці некуды далёка, але, прайшоўшы крокаў 10, спыняліся і пакорліва станавіліся, па 4 у рад, адзін за адным. Следам за гэтымі, без перапынку, пацяклі з варот такія самыя паголеныя, без нажных кайданаў, але скутыя рука з рукой наручнямі людзі ў такіх самых адзеннях. Гэта былі сасланыя… Яны таксама жвава выходзілі, спыняліся і станавіліся таксама па 4 у рад. Потым ішлі „общественники“[1], потым жанчыны, таксама па чарзе, спачатку — катаржныя ў турэмных шэрых кафтанах і хустках, потым — жанчыны сасланыя і што ішлі па сваёй волі за блізкімі, у сваіх гарадскіх і вясковых адзеннях. Некаторыя з жанчын неслі грудных дзяцей за поламі шэрых кафтаноў.

З жанчынамі ішлі на сваіх нагах дзеці: хлопчыкі і дзяўчынкі.

  1. „общественник“ — арыштант, які высылаецца па прысуду сельскага вобчаства.