Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/358

Гэта старонка не была вычытаная

Дзеці гэтыя, як і жарабяты ў табуне, ціснуліся між арыштанткамі, Мужчыны станавіліся моўчкі, толькі зрэдку пакашліваючы або робячы адрывістыя заўвагі. Сярод жанчын-жа чулася нязмоўчная гамонка. Нехлюдаву здавалася, што ён пазнаў Маславу, калі яна выходзіла; але потым яна загубілася сярод вялікай колькасці іншых, і ён бачыў толькі натоўп шэрых, нібы пазбаўленых чалавечай, асабліва жаноцкай, уласцівасці істот з дзецьмі і мяшкамі, якія станавіліся за мужчынамі.

Не гледзячы на тое, што ўсіх арыштантаў лічылі ў сценах турмы, канвойныя пачалі зноў лічыць, звяраючы з ранейшым падлікам. Пералічэнне гэта працягвалася доўга, асабліва таму, што некаторыя арыштанты рухаліся, пераходзячы з месца на месца, і тым блыталі падлік канвойных. Канвойныя лаялі і штурхалі арыштантаў, якія пакорліва, але са злосцю слухаліся, і зноў пералічвалі. Калі ўсіх зноў пералічылі, канвойны афіцэр загадаў нешта, і ў натоўпе адбылося замяшанне. Слабыя мужчыны, жанчыны і дзеці, выпярэджваючы адзін аднаго, накіраваліся да фурманак і пачалі ўкладаць на іх мяшкі і потым самі ўлазіць на іх. Улазілі і садзіліся жанчыны з крыклівымі груднымі дзецьмі, вясёлыя дзеці, якія спрачаліся за месцы, і панурыя, нахмураныя арыштанты.

Некалькі арыштантаў, зняўшы шайкі, падышлі да канвойнага афіцэра, аб нечым просячы яго. Як потым даведаўся Нехлюдаў, яны прасіліся на фурманкі. Нехлюдаў бачыў, як канвойны афіцэр моўчкі, не гледзячы на просьбіта, зацягваўся папяросай, і як потым раптам замахнуўся сваёй кароткай рукой на арыштанта, і як той, уцягнуўшы паголеную галаву ў плечы, чакаючы ўдару, адскочыў ад яго.

— Я цябе гэткім дваранінам зраблю, што будзеш памятаць! Дойдзеш пешшу! — пракрычаў афіцэр.

Аднаго толькі высокага дзеда ў нажных кайданах, які хістаўся, афіцэр пусціў на фурманку, і Нехлюдаў бачыў, як гэты дзед, зняўшы сваю блінападобную шапку, хрысціўся, накіроўваючыся да фурманак, і як потым доўга не мог узлезці, бо кайданы перашкаджалі падняць слабую, старэчую, закутую нагу, і як баба, якая сядзела ўжо на калёсах, памагла яму, усцягнуўшы яго за руку.