Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/359

Гэта старонка не была вычытаная

Калі фурманкі ўсе напоўніліся мяшкамі, і на мяшкі селі тыя, якім гэта было дазволена, канвойны афіцэр зняў шапку, абцёр хусткай лоб, лысіну і чырвоную тоўстую шыю і перахрысціўся.

— Партыя, марш! — загадаў ён.

Салдаты бразнулі стрэльбамі, арыштанты, зняўшы шапкі, некаторыя левымі рукамі, пачалі хрысціцца, праважатыя нешта пракрычалі, нешта пракрычалі ў адказ арыштанты, жанчыны пачалі лямантаваць, і партыя, акружаная салдатамі ў белых кіцелях, рушыла, узнімаючы пыл звязанымі ланцугамі нагамі. Наперадзе ішлі салдаты, за імі, бразгаючы ланцугамі, катаржныя, па чатыры ў рад, за імі сасланыя, потым „общественники“, скутыя рукамі па два наручнямі, потым жанчыны. Потым ужо ехалі нагружаныя і мяшкамі і слабымі фурманкі, на адной з якіх высока сядзела захутаная жанчына і, не перастаючы, вішчэла і галасіла.


XXXV

Шэсце было гэткае доўгае, што, калі пярэднія ўжо зніклі з вачэй, фурманкі з мяшкамі і слабымі толькі зрушылі. Калі фурманкі зрушылі, Нехлюдаў сеў на рамізніка, які чакаў яго, і загадаў яму перагнаць партыю, каб разгледзець сярод яе, ці няма знаёмых арыштантаў сярод мужчын, і потым, сярод жанчын, знайшоўшы Маславу, спытаць у яе, ці атрымала яна дасланыя ёй рэчы. Зрабілася вельмі горача. Ветру не было, і ўзняты тысячамі ног пыл стаяў увесь час над арыштантамі, якія рухаліся па сярэдзіне вуліцы. Арыштанты ішлі хуткім крокам, і нярысісты конік рамізніка Нехлюдава толькі павольна выпераджаў іх. Рад за радам ішлі незнаёмыя дзіўнага і страшэннага выгляду істоты, рухаючы тысячамі аднолькава абутых і адзетых ног і ў такт хадзе махаючы, нібы ўзбадзёрваючы сябе, вольнымі рукамі. Іх было гэтак багата, гэткія яны былі аднастайныя і ў гэткія асабліва дзіўныя ўмовы яны былі пастаўлены, што Нехлюдаву здавалася, што гэта не людзі, а нейкія асабліва дзіўныя, страшэнныя істоты. Гэта ўражанне знікла ў ім толькі таму, што ў натоўпе катаржных ён пазнаў ары-