Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/360

Гэта старонка не была вычытаная

штанта, забойцу Фёдарава, і сярод сасланых коміка Охоціна і яшчэ аднаго валацугу, які звяртаўся да яго. Усе амаль арыштанты азіраліся, косячыся на таратайку, што выпярэджвала іх, і на пана, які сядзеў у ёй, пазіраючы на іх. Фёдараў кіўнуў галавой угору ў знак таго, што пазнаў Нехлюдава; Охоцін падміргнуў вокам. Але ні той, ні другі не пакланіліся, лічачы гэта недазволеным. Параўнаўшыся з жанчынамі, Нехлюдаў адразу-ж убачыў Маславу. Яна ішла ў другім радзе жанчын. З краю ішла пачырванелая каратканогая чарнавокая, вельмі непрыгожая жанчына, падтыкнуўшы халат за пояс — гэта была Хорашаўка. Потым ішла цяжарная жанчына, ледзьве цягнучы ногі, і трэцяя была Маслава. Яна несла мяшок на плячы і прама глядзела перад сабой. Твар яе быў спакойным і рашучым. Чацвертай у радзе з ёю бадзёра ішла маладая прыгожая жанчына, у кароткім халаце і па-бабску падвязанай хустцы, — гэта была Фядос‘я. Нехлюдаў злез з таратайкі і падышоў да жанчын, каторыя рухаліся, жадаючы спытаць Маславу аб рэчах і аб тым, як яна сябе адчувае, але канвойны унтэр-афіцэр, што ішоў з гэтага боку партыі, адразу-ж заўважыўшы Нехлюдава, падбег да яго.

— Нельга, пане, падыходзіць да партыі — не дазваляецца, — крычаў ён, падыходзячы.

Падышоўшы бліжэй і пазнаўшы ў твар Нехлюдава (у турме ўжо ўсе ведалі Нехлюдава), унтэр-афіцэр прыклаў пальцы да фуражкі і, спыніўшыся каля Нехлюдава, сказаў:

— Цяпер нельга. На вакзале можаце, а тут не дазваляецца. Не адставай, марш! — крыкнуў ён на арыштантаў і, бадзёра, не гледзячы на спёку, трухам перабег у сваіх новых франтаўскіх ботах да свайго месца.

Нехлюдаў вярнуўся на тратуар і, загадаўшы рамізніку ехаць за ім, пайшоў разам з партыяй. Дзе ні праходзіла партыя, яна ўсюды звяртала на сябе змешаную з спачуваннем і жахам увагу. Праезджыя высоўваліся з экіпажаў і, пакуль маглі бачыць, праводзілі вачыма арыштантаў. Пешаходы спыняліся і здзіўлена і спалохана глядзелі на жудасную карціну. Некаторыя падыходзілі і падавалі міласціну. Міласціну прымалі канвойныя. Некаторыя, як загіпнатызаваныя, ішлі за партыяй, але потым спыняліся і, ківаючы гало-