Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/361

Гэта старонка не была вычытаная

вамі, толькі праводзілі партыю вачыма. З пад‘ездаў і варот, клічучы адзін аднаго, выбягалі і з акон вывешваліся людзі і нерухома і моўчкі пазіралі на дзіўнае шэсце. На адным са скрыжаванняў партыя перашкодзіла праехаць багатай калясцы. На козлах сядзеў з блішчастым тварам тоўстазады, з радамі гузікаў на спіне, кучар, у калясцы на заднім месцы сядзелі муж з жонкай: жонка, худая і бледная у светлым капелюшы з яркім парасонам, і муж у цыліндры і светлым франтаўскім паліто. Наперадзе супроць іх сядзелі іхнія дзеці: прыбраная і свежанькая, як кветка, дзяўчынка з распушчанымі русымі валасамі, таксама з яркім парасонам, і васьмігадовы хлопчык з даўгой, худой шыяй і выпятымі лапаткамі, у матроскім капелюшы, аздобленым доўгімі істужкамі. Бацька злосна папікаў кучара за тое, што ён своечасова не аб‘ехаў партыю, і яна цяпер затрымлівае іх, а маці грэбліва жмурылася і маршчынілася, закрываючыся ад сонца і пылу шаўковым парасонам, які яна насунула зусім на твар. Тоўстазады кучар сярдзіта хмурыўся, выслухоўваючы несправядлівую лаянку гаспадара, які сам-жа загадаў яму ехаць па гэтай вуліцы, і ледзь стрымліваў узмыленых пад аброцямі і шыяй вараных жарабкоў, якія ірваліся ўперад.

Гарадавы жадаў усёй душой зрабіць паслугу ўласніку багатай каляскі і прапусціць яго, прыпыніўшы арыштантаў, але ён адчуваў, што ў гэтым шэсці была панурая ўрачыстасць, якую нельга было парушыць нават і для гэтага багатага пана. Ён толькі прыклаў руку да казырка ў адзнаку сваёй павагі перад багаццем і строга глядзеў на арыштантаў, нібы абяцаючы ва ўсякім разе абараніць ад іх седакоў каляскі. Так што каляска павінна была чакаць праходжання ўсяго шэсця і паехала толькі тады, калі прагрымеў апошні ламавік з арыштанткамі, што сядзелі на мяшках, сярод каторых істэрычная жанчына, якая было заціхла, а ўбачыўшы багатую каляску, пачала зноў рыдаць і вішчэць. Толькі тады злёгку варухнуў лейцамі кучар, і вараныя рысакі, звінючы падковамі па бруку панеслі каляску, якая мякка ўздрыгала на гумавых шынах, на дачу, куды ехалі весяліцца муж, жонка, дзяўчынка і хлопчык з тонкай шыяй і выпятымі лапаткамі.