Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/363

Гэта старонка не была вычытаная

— Дзе-б тут напіцца? — спытаў Нехлюдаў свайго рамізніка, адчуўшы непераможнае жаданне асвяжыцца.

— Зараз тут тракцір добры, — сказаў рамізнік і, завярнуўшы за рог, падвёз Нехлюдава да пад‘езду з вялікай шыльдай.

Пульхны прыказчык, у кашулі, за стойкай і некалі белыя афіцыянты, якія з прычыны адсутнасці наведвальнікаў сядзелі каля сталоў, з цікаўнасцю агледзелі незвычайнага госця і прапанавалі свае паслугі. Нехлюдаў папрасіў сельтэрскай вады і сеў далей ад акна за маленькі столік з брудным абрусам.

Два чалавекі сядзелі за сталом за чайным прыборам і бутэлькай з белага шкла, абціралі з ілбоў пот і нешта ціхамірна вылічвалі. Адзін з іх быў чорны і пляшывы, з такім самым бардзюрам чорных валасоў на патыліцы, які быў у Ігнація Нікіфаравіча. Уражанне гэта напомніла Нехлюдаву зноў учарашнюю размову з шваграм і сваё жаданне пабачыцца з ім і сястрой да ад‘езду. „Напэўна не паспею да ад‘езду, — падумаў ён. — Лепш напішу ліст“. І, папсрасіўшы паперы, канверт і марку, ён пачаў, прыхлёбваючы свежую шыпучую ваду, абмяркоўваць, што ён напіша. Але думкі яго разбягаліся, і ён ніяк не мог напісаць ліста.

„Мілая Наташа, не магу паехаць пад цяжкім уражаннем учарашняй размовы з Ігнаціем Нікіфаравічам…“ — пачаў ён. „Што-ж далей? Прасіць дараваць тое, што я ўчора сказаў? Але я сказаў тое, што думаў. І ён падумае, што я выракаюся. І потым гэта яго ўмешванне ў мае справы… Не, не магу“, — і, адчуўшы, як узнімаецца ў ім нянавісць да гэтага чужога, самаўпэўненага чалавека, які не разумеў яго, Нехлюдаў паклаў няскончаны ліст у кішэню і, расплаціўшыся, вышаў на вуліцу і паехаў даганяць партыю.

Спякота зрабілася яшчэ мацнейшай. Сцены і каменні нібы дыхалі гарачым паветрам. Ногі, здавалася, абпякаліся аб распалены брук, і Нехлюдаў адчуў нешта накшталт апёку, калі ён голай рукой дакрануўся да лакаванага крыла таратайкі.

Конь вялым трухам, пагрукваючы роўнамерна падковамі па пыльным і няроўным бруку, цягнуўся па вуліцах; ра-