Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/365

Гэта старонка не была вычытаная

Але канвойны стаяў збоку, і, аглядаючы свой збіты абцас, адносіўся зусім абыякава да збянтэжанасці гарадавога.

— Чыя справа, тыя не дбаюць. Людзей марыць голадам хіба парадак?

— Арыштант — арыштант, а ўсё-ж чалавек, — гаварылі ў натоўпе.

— Пакладзіце яму галаву вышэй ды вады дайце, — сказаў Нехлюдаў.

— Па ваду пайшлі, — адказаў гарадавы і, узяўшы падпахі арыштанта, ледзь-ледзь перацягнуў тулава вышэй.

— Чаго пазбіраліся? — пачуўся раптам рашучы пагрозлівы голас, і да кучкі людзей, што сабралася вакол арыштанта, шпаркімі крокамі падышоў акалотачны ў надзвычайна чыстым і бліскучым кіцелі і яшчэ больш бліскучых высокіх ботах. — Разыйдзіцеся! Няма чаго тут стаяць! — крыкнуў ён на натоўп, яшчэ не бачачы, чаму сабраўся натоўп. Падышоўшы-ж бліжэй і ўбачыўшы арыштанта, які паміраў, ён кіўнуў галавой, нібы ўхваляючы гэта, і звярнуўся да гарадавога:

— Як так?

Гарадавы далажыў, што ішла партыя і арыштант упаў, канвойны загадаў пакінуць.

— Дык што-ж? У ўчастак трэба. Рамізніка.

— Пабег дворнік, — сказаў гарадавы, прыкладаючы руку да казырка.

Прыказчык нешта пачаў было пра спёку.

— Твая справа гэта? А? Ідзі сваёй дарогай, — праказаў акалотачны і так строга зірнуў на яго, што прыказчык змоўк.

— Вады трэба даць выпіць, — сказаў Нехлюдаў.

Акалотачны строга зірнуў і на Нехлюдава, але нічога не сказаў. Калі-ж дворнік прынёс у кружцы ваду, ён загадаў гарадавому прапанаваць арыштанту. Гарадавы падняў захіленую галаву і паспрабаваў уліць ваду ў рот, але арыштант не прымаў яе; вада вылівалася па барадзе і мачыла на грудзях куртку і зрэбную пыльную кашулю.

— Лі на галаву! — загадаў акалотачны, і гарадавы, зняўшы падобную на блін шапку, выліў ваду і на рыжыя кучаравыя валасы і на голы чэрап.