Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/366

Гэта старонка не была вычытаная

Вочы арыштанта, нібы спалохана, больш адкрыліся, але становішча яго не змянілася. Па твары яго цяклі брудныя пацёкі ад пылу, але рот так-жа роўнамерна ўсхліпваў, і ўсё цела ўздрыгвала.

— А гэты што-ж? Узяць гэтага, — звярнуўся акалотачны да гарадавога, паказваючы на нехлюдаўскага рамізніка. — Давай! Гэй, ты!

— Заняты, — панура, не падымаючы вачэй, вымавіў рамізнік.

— Гэта мой рамізнік, — сказаў Нехлюдаў, — але вазьміце яго. Я заплачу, — дадаў ён, звяртаючыся да рамізніка.

— Ну, чаго сталі? — крыкнуў акалотачны. — Бярыце!

Гарадавы, дворнікі і канвойныя паднялі паміраючага, панеслі да таратайкі і пасадзілі на сядзенне. Але ён не мог сам трымацца; галава яго завальвалася назад, і ўсё цела спаўзала з сядзення.

— Кладзі лёжма! — загадаў акалотачны.

— Нічога, ваша благароддзе, я так давязу, — сказаў гарадавы, цвёрда ўсаджваючыся побач з паміраючым на сядзенне і абхапляючы яго моцнай правай рукой падпахі.

Канвойны падняў абутыя ў коты без падвёртак ногі і паставіў і выцягнуў іх пад козлы.

Акалотачны азірнуўся і, убачыўшы на бруку падобную на блін шапку арыштанта, падняў яе і надзеў на захіленую назад мокрую галаву.

— Марш! — загадаў ён.

Рамізнік сярдзіта азірнуўся, паківаў галавой і, у суправаджэнні канвойнага, паехаў шагам назад да прыватнага дома. Цела з галавой, якое хісталася ва ўсе бакі, спаўзала, і гарадавы, што сядзеў з арыштантам, безупынна перахопліваў яго. Канвойны, ідучы побач, папраўляў ногі. Нехлюдаў пайшоў за імі.


XXXVII

Пад‘ехаўшы да ўчастка міма пажарнага вартавога, таратайка з арыштантам уехала на двор паліцэйскага ўчастка і спынілася каля аднаго з пад‘ездаў.