Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/367

Гэта старонка не была вычытаная

На дварэ пажарныя, закасаўшы рукавы, гучна гамонячы і смеючыся, мылі нейкія дрогі.

Як толькі таратайка спынілася, некалькі гарадавых акружылі яе і падхапілі пазбаўленае жыцця цела арыштанта падпахі і ногі і знялі яго з таратайкі, якая вішчэла пад ім.

Гарадавы, што прывёз арыштанта, сыйшоўшы з таратайкі, памахаў адубянелай рукой, зняў фуражку і перахрысціўся. Мёртвага-ж панеслі ў дзверы і ўгору па сходах. Нехлюдаў пайшоў за ім. У невялікім брудным пакоі, куды прынеслі мёртвага, было 4 ложкі. На двух сядзелі ў халатах два хворыя, адзін крывароты з абвязанай шыяй, другі сухотны. Два ложкі былі вольныя. На адзін з іх паклалі арыштанта. Маленькі чалавек з бліскучымі вачыма і бровамі, якія рухаліся безупынна, у адной бялізне і панчохах, хуткімі мяккімі крокамі падышоў да арыштанта, паглядзеў на яго, потым на Нехлюдава і гучна зарагатаў. Гэта быў вар‘ят, які знаходзіўся ў прыймовым пакоі.

— Хочуць запалохаць мяне, — загаварыў ён. — Толькі-ж — не ўдасца.

Услед за гарадавымі, што прынеслі мёртвага, увайшлі акалотачны і фельчар.

Фельчар, падышоўшы да мёртвага, узяў жаўтаватую, пакрытую вяснянкамі, яшчэ мяккую, але ўжо змярцвела-бледную руку арыштанта, патрымаў яе, потым пусціў. Яна вяла ўпала на жывот нябожчыка.

— Гатоў, — сказаў фельчар, кіўнуўшы галавой, але, відаць, для парадку, расшпіліў мокрую зрэбную кашулю мерцвяка і, адкінуўшы ад вуха свае кучаравыя валасы, прыклаўся да жаўтаватых нерухомых высокіх грудзей арыштанта. Усе маўчалі. Фельчар прыпадняўся, яшчэ кіўнуў галавой і дакрануўся пальцам спачатку да аднаго, потым да другога павека над адкрытымі блакітнымі ўтаропленымі вачыма.

— Не спалохаеце, не спалохаеце, — гаварыў вар‘ят, увесь час плюючы ў напрамку да фельчара.

— Што-ж? — спытаў акалотачны.

— Што-ж? — паўтарыў фельчар. — У трупярню аднесці трэба.