Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/368

Гэта старонка не была вычытаная

— Глядзіце, ці правільна? — спытаў акалотачны.

— Пара ведаць, — сказаў фельчар, для нечага закрываючы адкрытыя грудзі мерцвяка. — Дык я пашлю за Мацвей Іванычам, няхай паглядзіць. Петроў, ідзі, — сказаў фельчар і адышоўся ад мерцвяка.

— Аднесці ў трупярню, — сказаў акалотачны. — А ты тады прыходзь у канцылярыю, — распішашся, — дадаў ён канвойнаму, які ўвесь час не адставаў ад арыштанта.

— Слухаю, — адказаў канвойны.

Гарадавыя паднялі мерцвяка і панеслі зноў уніз па сходнях. Нехлюдаў хацеў ісці за імі, але вар‘ят затрымаў яго.

— Вы-ж не ў змове, дык дайце папяроску, — сказаў ён.

Нехлюдаў дастаў партабак і даў яму. Вар‘ят, водзячы бровамі, пачаў вельмі хутка гаворачы, расказваць, як яго мучаць гіпнозам.

— Яны-ж усе супроць мяне і праз сваіх медыумаў мучаць, мардуюць мяне…

— Даруйце мне, — сказаў Нехлюдаў і, не даслухаўшы яго, вышаў на двор, жадаючы ведаць, куды аднясуць мёртвага.

Гарадавыя, несучы труп, прайшлі ўжо ўвесь двор і ўваходзілі ў пад‘езд сутарэння. Нехлюдаў хацеў падыйсці да іх, але акалотачны спыніў яго.

— Вам што трэба?

— Нічога, — адказаў Нехлюдаў.

— Нічога, дык і ідзіце.

Нехлюдаў скарыўся і пайшоў да свайго рамізніка. Рамізнік яго дрымаў. Нехлюдаў пабудзіў яго і паехаў зноў да вакзала.

Не ад‘ехаў ён і 100 крокаў, як сустрэў зноў у суправаджэнні канвойнага ламавыя калёсы, на якіх ляжаў другі, відавочна ўжо памершы арыштант. Арыштант ляжаў на спіне на калёсах, і паголеная галава яго з чорнай бародкай, пакрытая шапкай, падобнай на блін, якая з‘ехала на твар да носа, трэслася і білася пры кожным штуршку калёс. Ламавік у тоўстых ботах кіраваў канём, ідучы побач. Ззаду ішоў гарадавы. Нехлюдаў крануў за плячо свайго рамізніка.