Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/369

Гэта старонка не была вычытаная

— Што робяць! — сказаў рамізнік, спыняючы каня.

Нехлюдаў злез з таратайкі і ўслед за ламавым, зноў міма пажарнага вартавога, увайшоў на двор участка. На дварэ цяпер пажарныя ўжо скончылі мыць дрогі, і на іхнім месцы стаяў высокі кастлявы брандмаёр з сінім аколышам і, заклаўшы рукі ў кішэні, строга глядзеў на буланага з нагрызанай шыяй жарабка, якога пажарны вадзіў перад ім. Жарабок кульгаў на пярэднюю нагу, і брандмаёр сярдзіта гаварыў нешта ветэрынару, які стаяў тут-жа.

Акалотачны стаяў таксама тут. Убачыўшы другога мерцвяка, ён падышоў да ламавіка.

— Дзе паднялі? — спытаў ён, нездаволена паківаўшы галавой.

— На Старай Гарбатаўскай, — адказаў гарадавы.

— Арыштант? — запытаў брандмаёр.

— Так точна.

— Другі сёння, — сказаў акалотачны.

— Ну, парадкі. Але і спека-ж, — сказаў брандмаёр і, звярнуўшыся да пажарнага, каторы адводзіў кульгавага буланага, крыкнуў: — У крайняе стойла пастаў! Я цябе, сукінага сына, навучу, як коней калечыць, якія даражэй за цябе, шэльмы, каштуюць.

Мерцвяка, таксама, як і першага, паднялі з калёсаў гарадавыя і панеслі ў прыймовы пакой. Нехлюдаў, як загіпнатызаваны, пайшоў за імі.

— Вам чаго? — спытаў яго адзін гарадавы.

Ён, неадказваючы, ішоў туды, куды яны неслі мерцвяка.

Вар‘ят, седзячы на ложку, прагна курыў папяросу, якую яму даў Нехлюдаў.

— А, вярнуліся! — сказаў ён і зарагатаў. Убачыўшы мерцвяка, ён наморшчыўся. — Зноў, — сказаў ён. — Абрыдлі, не хлопчык-жа я, праўда? — пытліва ўсміхаючыся, звярнуўся ён да Нехлюдава.

Нехлюдаў тым часам глядзеў на мерцвяка, якога цяпер ніхто не захінаў больш, і твар якога, раней закрыты шапкай, можна было ўвесь бачыць. Наколькі той арыштант быў агідным, настолькі гэты быў надзвычайна прыгожы і тварам і ўсім целам. Гэта быў чалавек у поўным росквіце