Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/372

Гэта старонка не была вычытаная

куды трэба мёртвых і іхнія паперы і рэчы і выключыць іх з ліку тых, якіх трэба везці ў Ніжні, а гэта было вельмі клапатліва, асабліва ў гэткую спеку.

І вось гэтым і былі заняты канвойныя, і таму, пакуль усё гэта не было зроблена, не пускалі Нехлюдава і іншых, што таксама прасілі аб гэтым, падыйсці да вагонаў. Нехлюдава, аднак, усё-ж такі пусцілі, таму што ён даў грошай канвойнаму унтэр-афіцэру. Унтэр-афіцэр гэты прапусціў Нехлюдава і прасіў яго толькі хутчэй пагаварыць і адыйсці, каб не бачыў начальнік. Усіх вагонаў было 18, і ўсе, апрача вагона начальства, былі поўна набіты арыштантамі. Праходзячы каля акон вагонаў, Нехлюдаў прыслухоўваўся да таго, што адбывалася ў іх. Ва ўсіх вагонах чуўся звон кайданаў, мітусніна, гамонка, перасыпаная бязглуздай лаянкай, але нідзе не гаварылася, як таго чакаў Нехлюдаў, аб памёршых у дарозе таварышах. Гаварылі больш пра мяшкі, пра ваду і пра выбар месца. Заглянуўшы ў акно аднаго з вагонаў, Нехлюдаў убачыў у сярэдзіне яго, у праходзе, канвойных, якія здымалі з арыштантаў наручні. Арыштанты працягвалі рукі, і адзін канвойны ключом адмыкаў замок на наручнях і здымаў іх. Другі збіраў наручні. Прайшоўшы ўсе мужчынскія вагоны, Нехлюдаў падышоў да жаночых. У другім з іх чуўся роўнамерны жаночы стогн з прымаўленнем. „О-о-о! Матулечка! О-о-о! Матулечка, родная!“

Нехлюдаў прайшоў міма і, як паказаў канвойны, падышоў да акна трэцяга вагона. З акна, як толькі Нехлюдаў наблізіў да яго галаву, тхнула гарачынёй, насычанай густой парай чалавечага поту, і выразна пачуліся вісклівыя жаночыя галасы. На ўсіх лавах сядзелі, расчырванеўшыся, потныя жанчыны ў халатах і кофтах і звонка гутарылі. Блізкі ад кратаў твар Нехлюдава звярнуў іх увагу. Бліжэйшыя замаўчалі і пасунуліся да яго. Маслава ў адной кофтачцы і без хусткі сядзела каля процілеглага акна. Бліжэй сюды сядзела, усміхаючыся, белая Фядос‘я. Пазнаўшы Нехлюдава, яна штурханула Маславу і рукой паказала ёй на акно. Маслава паспешна ўстала, накінула на чорныя валасы хустку і з усмешкай на ўзбадзёраным, чырвоным, потным твары падышла да акна і ўзялася за краты.