Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/374

Гэта старонка не была вычытаная

— Пане, нельга размаўляць, — пачуўся голас канвойнага унтэр-афіцэра. Гэта быў не той, які пусціў Нехлюдава.

Нехлюдаў адышоўся і пайшоў шукаць начальніка, каб прасіць яго аб жанчыне, якая раджала, і аб Тарасе, але доўга не мог знайсці яго і дамагчыся адказу ад канвойных. Яны былі вельмі заклапочаны: адны вялі кудысьці нейкага арыштанта, другія бегалі купляць сабе харч і размяшчалі свае рэчы па вагонах, трэція прыслугоўвалі нейкай даме, якая ехала з канвойным афіцэрам, і неахвотна адказвалі на пытанні Нехлюдава.

Нехлюдаў убачыў канвойнага афіцэра ўжо пасля другога званка. Афіцэр, абціраючы сваёй кароткай рукой вусы, што закрывалі яму рот, і падняўшы плечы, рабіў вымову за нешта фельдфебелю.

— Вам што, ўласна, трэба? — спытаў ён Нехлюдава.

— У вас жанчына раджае ў вагоне, дык я думаў трэба-б…

— Ну, і хай раджае. Тады відаць будзе, — сказаў канвойны, праходзячы ў свой вагон і жвава размахваючы сваімі кароткімі рукамі.

У гэты час прайшоў кандуктар з свістком у руцэ; пачуўся апошні званок, свісток, і сярод праважатых на платформе і ў жаночым вагоне пачуўся плач і лямант. Нехлюдаў стаяў побач з Тарасам на платформе і глядзеў, як адзін за адным цягнуліся міма яго вагоны з кратаванымі вокнамі, з якіх віднеліся паголеныя галовы мужчын. Потым параўняўся першы жаночы вагон, у акне якога відаць былі галовы проставалосых у хусцінках жанчын; потым другі вагон, у якім чуўся ўсё той-жа стогн жанчыны, потым вагон, у якім была Маслава. Яна разам з другімі стаяла каля акна і глядзела на Нехлюдава і жаласліва ўсміхалася яму.


XXXIX

Да адыходу пасажырскага поезда, з якім ехаў Нехлюдаў, аставалася дзве гадзіны. Нехлюдаў спачатку думаў за гэты час з‘ездзіць яшчэ да сястры, але цяпер, пасля ўражанняў гэтай раніцы, адчуў сябе да гэткай ступені ўсхваляваным і разбітым, што, сеўшы на канапку першага