Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/375

Гэта старонка не была вычытаная

класа, зусім нечакана адчуў гэткую санлівасць, што павярнуўся на бок, паклаў пад шчаку далонь і адразу-ж заснуў. Яго пабудзіў лёкай у фраку, са значком і сарветкай.

— Пане, пане, ці не вы будзеце Нехлюдаў, князь? Пані вас шукаюць.

Нехлюдаў ускочыў, праціраючы вочы, і ўспомніў, дзе ён і ўсё тое, што было сёння раніцою.

У яго ўспамінах былі: шэсце арыштантаў, мерцвякі, вагоны з кратамі і замкнутыя там жанчыны, з якіх адна мучыцца, без дапамогі раджаючы, а другая жаласліва ўсміхаецца яму з-за жалезных кратаў. У сапраўднасці-ж было перад ім зусім іншае: устаўлены бутэлькамі, вазамі, кандэлябрамі і прыборамі стол, спрытныя лёкаі, якія сноўдалі каля стала. У глыбіні залы перад шафай, за вазамі з фруктамі і бутэлькамі, буфетчык і каля буфета спіны пасажыраў.

У той час, калі Нехлюдаў уставаў і садзіўся і пакрыху апамятаўся, ён заўважыў, што ўсе прысутныя з цікаўнасцю пазіралі на нешта, што адбывалася каля дзвярэй. Ён паглядзеў і ўбачыў шэсце людзей. Яны неслі на крэсле даму, галава якой была захутана лёгкім пакрывалам. Пярэдні насільшчык быў лёкай і здаўся знаёмым Нехлюдаву. Задні быў таксама знаёмы швейцар з галуном на шапцы. За крэслам ішла элегантная пакаёўка ў фартуху і кудзерках і несла вузельчык, нейкую круглую рэч у скураным футляры і парасоны. Яшчэ ззаду з сваімі адвіслымі тоўстымі губамі і апаплектычнай шыяй, выпяўшы грудзі, ішоў князь Карчагін у дарожнай фуражцы і яшчэ ззаду — Місі, Міша, стрыечны брат, і знаёмы Нехлюдаву дыпламат Остэн з сваёй доўгай шыяй, выпятым кадыком і заўсёды вясёлым выглядам і настроем. Ён ішоў, нешта пагрозліва, але, відавочна, жартаўліва даказваючы Місі, якая ўсміхалася. Ззаду ішоў доктар, сярдзіта курачы папяросу.

Карчагіны пераязджалі з свайго падгародняга маёнтка да сястры княгіні ў яе маёнтак па Ніжагародскай дарозе.

Шэсце насільшчыкаў, пакаёўкі і доктара накіравалася ў дамскі пакой, выклікаючы цікаўнасць і павагу ўсіх прысутных. Стары-ж киязь, прысеўшы да стала адразу-ж паклікаў да сябе лёкая і пачаў нешта заказваць яму.