Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/376

Гэта старонка не была вычытаная

Міссі з Остэнам таксама спыніліся ў сталовай і толькі хацелі сесці, як убачылі ў дзвярах знаёмую і пайшлі ёй насустрач. Знаёмая гэта была Наталля Іванаўна. Наталля Іванаўна, разам з Аграфенай Пятроўнай, азіраючыся па баках, уваходзіла ў сталовую. Яна амаль адначасова ўбачыла Місі і брата. Яна раней падышла да Місі, толькі кіўнуўшы галавой Нехлюдаву; але, пацалаваўшыся з Місі, адразу-ж звярнулася да яго.

— Нарэшце я цябе знайшла, — сказала яна.

Нехлюдаў устаў, прывітаўся з Місі, Мішам і Остэнам і спыніўся, размаўляючы. Місі расказала яму пра пажар іхняга дома ў вёсцы, які прымусіў іх пераязджаць да цёткі. Остэн па гэтаму выпадку пачаў расказваць спешны анекдот пра пажар.

Нехлюдаў, не слухаючы Остэна, звярнуўся да сястры:

— Як я рад, што ты прыехала, — сказаў ён.

— Я ўжо даўно прыехала, — сказала яна. — Мы з Аграфенай Пятроўнай, — яна паказала на Аграфену Пятроўну, якая ў капелюшы і ватэрпруфе з ласкавай павагай здалёк канфузліва пакланілася Нехлюдаву, не жадаючы перашкаджаць яму, — усюды шукалі цябе.

— А я тут заснуў. Як я рад, што ты прыехала, — паўтарыў Нехлюдаў. — Я ліст табе пачаў пісаць, — сказаў ён.

— Няўжо? — сказала яна спалохана. — Аб чым-жа?

Місі з сваімі кавалерамі, заўважыўшы, што паміж братам і сястрой пачынаецца інтымная гутарка, адышлася ўбок. Нехлюдаў-жа з сястрой селі каля акна на аксамітную канапку побач з нейчымі рэчамі, пледам і кардонкай.

— Я ўчора, калі пайшоў ад вас, хацеў вярнуцца і пакаяцца, але не ведаў, як ён сустрэне, — сказаў Нехлюдаў. — Я нядобра гаварыў з тваім мужам, і мяне гэта мучыла, — сказаў ён.

— Я ведала, я ўпэўнена была, — сказала сястра, — што ты не хацеў. Ты-ж ведаеш…

І слёзы выступілі на яе вачах, і яна дакранулася да яго рукі. Фраза гэта была цмянай, але ён зразумеў яе цалкам і яго расчуліла тое, што яна значыла. Словы яе значылі тое, што, апрача яе любові, пануючай над усёй ёю, —