Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/378

Гэта старонка не была вычытаная

адразу-ж яму зрабілася сорамна за сваю халоднасць да сястры.

„Чаму не сказаць ёй усяго, што я думаю? — падумаў ён. — І хай і Аграфена Пятроўна пачуе“, — сказаў ён сабе, зірнуўшы на старую пакаёўку. Прысутнасць Аграфены Пятроўны яшчэ больш падахвочвала яго паўтарыць сястры сваё рашэнне.

— Ты гаворыш аб маім намеры ажаніцца з Кацюшай? Дык вось бачыш, я парашыў гэта зрабіць, але яна рашуча і цвёрда адмовіла мне, — сказаў ён, і голас яго задрыжэў, як дрыжэў заўсёды, калі ён гаварыў аб гэтым. — Яна не хоча маёй ахвяры і сама ахвяруе, для яе, у яе становішчы, шмат чым, і я не магу прыняць гэтай ахвяры, калі гэта мінутнае. І вось я еду за ёю і буду там, дзе яна будзе, і буду, колькі магу, памагаць, каб аблягчыць яе долю.

Наталля Іванаўна нічога не сказала. Аграфена Пятроўна пытліва пазірала на Наталлю Іванаўну і ківала галавой. У гэты час з дамскага пакоя вышла зноў шэсце. Той самы прыгожы лёкай Філіп і швейцар неслі княгіню. Яна спыніла насільшчыкаў, паклікала да сябе Нехлюдава і, жаласліва млеючы, працягнула яму белую ў пярсцёнках руку, з жахам чакаючы цвёрдага паціскання.

— Epouvantable![1] — сказала яна пра спеку. — Я не пераношу гэтага. Ce climat me tue[2]. — І, пагаварыўшы аб жахах рускага клімата і запрасіўшы Нехлюдава прыехаць да іх, яна дала знак насільшчыкам. — Дык абавязкова прыязджайце, — дадала яна, нахаду паварачваючы свой доўгі твар да Нехлюдава.

Нехлюдаў вышаў на платформу. Шэсце княгіні накіравалася направа, да першага класа. Нехлюдаў-жа з арцельшчыкам, які нёс рэчы, і Тарасам з сваім мяшком пайшлі налева.

— Вось гэта мой таварыш, — сказаў Нехлюдаў сястры, паказваючы на Тараса, гісторыю якога ён расказваў ёй раней.

  1. Жахліва.
  2. Гэты клімат мяне забівае.