Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

прычынай смерці з‘яўляецца разрыў сэрца, выкліканы звышмерным ужываннем спіртных напіткаў. Цела Смелькова было пахавана.

Праз некалькі дзён купец Тімохін, зямляк і таварыш Смелькова, вярнуўшыся з Пецербурга і даведаўшыся, у якіх абставінах памёр Смелькоў, заявіў падазрэнне ў атручэнні яго з мэтай пакражы грошай, што знаходзіліся пры ім.

Падазрэнне гэта знайшло сабе пацверджанне на папярэднім следстве, якое ўстанавіла: 1) што Смелькоў неўзабаве перад смерцю атрымаў з банка 3800 рублёў срэбрам. Тымчасам, пры апісанні маёмасці нябожчыка ў парадку ахаваўчым, аказалася ў наяўнасці толькі 312 рублёў 16 капеек. 2) Увесь дзень напярэдадні і ўсю апошнюю перад смерцю ноч Смелькоў правёў з прастытуткай Любкай (Кацярынай Маславай) у публічным доме і ў гасцініцы „Маўрытанія“, куды, па даручэнню Смелькова і ў адсутнасці яго, Кацярына Маслава прыязджала з публічнага дома па грошы, якія дастала з чамадана Смелькова, адамкнуўшы яго дадзеным ёй Смельковым ключом, у прысутнасці калідорнай прыслугі гасцініцы „Маўрытанія“ Еўфіміі Бачковай і Сімона Карцінкіна. У чамадане Смелькова, пры адмыканні яго Маславай, прысутныя пры гэтым Бачкова і Карцінкін бачылі пачкі сторублёвых крэдытных білетаў. 3) Пасля звароту Смелькова з публічнага дома ў гасцініцу „Маўрытанія“ разам з прастытуткай Любкай гэта апошняя, паслухаўшыся парады калідорнага Карцінкіна, дала выпіць Смелькову ў чарцы кан‘яка белы парашок, атрыманы ёй ад Карцінкіна. 4) Наступнай раніцой прастытутка Любка (Кацярына Маслава) прадала сваёй гаспадыні, утрымальніцы публічнага дома, сведцы Кітаевай, дыяментавы пярсцёнак Смелькова, які Смелькоў нібыта ёй падарыў. 5) Калідорная дзяўчына гасцініцы „Маўрытанія“ Еўфімія Бачкова на другі дзень пасля смерці Смелькова паклала на свой бягучы рахунак у мясцовы камерцыйны банк 1800 рублёў срэбрам.

Судова-медычным аглядам, ускрыццём трупа і хімічным даследаваннем вантроб Смелькова ўстаноўлена безумоўна прысутнасць атруты ў арганізме нябожчыка, якая дала падставу сцвердзіць, што смерць вынікла ад атручэння.