Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/380

Гэта старонка не была вычытаная

самымі лепшымі пачуццямі адносіўся да сястры і нічога не захоўваў ад яе, цяпер было цяжка, няёмка з ёю, і хацелася хутчэй аслабаніцца ад яе. Ён адчуваў, што няма больш той Наташы, якая некалі была гэткай блізкай яму, а ёсць толькі рабыня чужога яму і непрыемнага чорнага валасастага мужа. Ён ясна ўбачыў гэта, таму што твар яе асвятліўся асаблівым ажыўленнем толькі тады, калі ён загаварыў пра тое, што займала яе мужа, — пра аддачу зямлі сялянам, пра спадчыну. І ад гэтага было сумна яму.


XL

Спека ў распаленым на працягу цэльнага дня сонцам і напоўненым народам вялікім вагоне трэцяга класа была такая душная, што Нехлюдаў не пайшоў у вагон, а астаўся на тормазе. Але і тут дыхаць нечым было, і Нехлюдаў уздыхнуў усімі грудзьмі толькі тады, калі вагоны выкаціліся з-за дамоў, і павеяла скразняком. „Але, забілі“, паўтарыў ён сабе словы, сказаныя сястры. І ў уяўленні яго з-за ўсіх уражанняў сёнешняга дня з надзвычайнай яскравасцю ўзнік прыгожы твар другога мёртвага арыштанта з усмешкай на вуснах, строгім выразам ілба і невялікім моцным вухам пад паголеным пасінелым чэрапам. „І што самае жудаснае, гэта тое, што забілі, і ніхто не ведае, хто яго забіў. А забілі. Павялі яго, як і ўсіх арыштантаў, па загаду Масленнікава. Масленнікаў, напэўна, зрабіў свой звычайны загад, падпісаў сваім дурным росчыркам паперу з друкаваным загалоўкам і, канечне, ужо ніяк не палічыць сябе вінаватым. Яшчэ менш можа лічыць сябе вінаватым турэмны доктар, які аглядаў арыштантаў. Ён акуратна выканаў свой абавязак, вылучыў слабых і ніяк не мог прадбачыць ні гэткай страшэннай спекі, ні таго, што іх павядуць гэтак позна і гэткім натоўпам. Сматрыцель?.. Але сматрыцель толькі выконваў прадпісанне аб тым, каб у такі-та дзень адправіць столькі-та катаржных, сасланых, мужчын і жанчын. Таксама не можа быць вінават і канвойны, якога абавязак складаўся з таго, каб з падлікам прыняць там-та столькі-та і там-та здаць столькі-та сама. Вёў ён партыю, як звычайна і як