Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/381

Гэта старонка не была вычытаная

належыць, і ніяк не мог прадбачыць, што такія моцныя людзі, як тыя два, якіх бачыў Нехлюдаў, не вытрымаюць і памруць. Ніхто не вінават, а людзі забіты і забіты ўсё-такі гэтымі самымі невінаватымі ў гэтых смерцях людзьмі“.

„Зрабілася ўсё гэта таму, — думаў Нехлюдаў, — што ўсе гэтыя людзі — губернатары, сматрыцелі, акалотачныя, гарадавыя — лічаць, што ёсць на свеце такія становішчы, у якіх чалавечы абыход з чалавекам не з‘яўляецца абавязковым. Бо ўсе гэтыя людзі — і Масленнікаў, і сматрыцель, і канвойны, — усе яны, калі-б не былі губернатарамі, сматрыцелямі, афіцэрамі, дваццаць разоў падумалі-б аб тым, ці можна адпраўляць людзей у гэткую спеку і гэткай кучай, дваццаць разоў у дарозе спыніліся-б і, убачыўшы, што чалавек млее, задыхаецца, вывелі-б яго з натоўпу, адвялі-б яго ў цень, далі-б вады, далі-б адпачыць і, калі здарылася няшчасце, выказалі-б спачуванне. Яны не зрабілі гэтага, нават перашкаджалі рабіць гэта іншым толькі таму, што яны бачылі перад сабой не людзей і свае абавазкі перад імі, а службу і яе патрабаванні, якія яны ставілі вышэй патрабаванняў чалавечых дачыненняў. У гэтым усё“, — думаў Нехлюдаў. — „Калі можна прызнаць, што-б ні было значнейшым за пачуццё чалавекалюбства, хаця-б на адну гадзіну і хаця-б у якім-небудзь адным, выключным выпадку, дык няма злачынства, якое нельга было-б зрабіць з людзьмі, не лічачы сябе вінаватым“.

Нехлюдаў гэтак задумаўся, што і не заўважыў, як надвор‘е змянілася: сонца схавалася за пярэднім нізкім, разадраным воблакам, і з заходняга гарызонта насоўвалася густая светлашэрая хмара, ужо выліваючыся там, недзе далёка, над палямі і лясамі, касым спорным дажджом. Ад хмары павявала вільготным дажджавым паветрам. Зрэдку хмару разразалі маланкі, і з грукатам вагонаў усё часцей і часцей змешваліся грымоты. Хмара надыходзіла бліжэй і бліжэй, касыя кроплі дажджу, гнаныя ветрам, пачалі пляміць пляцоўку тормаза і паліто Нехлюдава. Ён перайшоў на другі бок і, удыхаючы вільготную свежасць і хлебны пах зямлі, якая доўга чакала дажджу, глядзеў, як міма беглі сады, лясы, жаўтаватыя палі жыта, зялёныя яшчэ палоскі аўса і чорныя ба-