Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/383

Гэта старонка не была вычытаная

прызнаюць законам тое, што ёсць вечны, нязменны, безадкладны закон, самім богам напісаны ў сэрцах людзей. Таму мне і бывае так цяжка з гэтымі людзьмі, — думаў Нехлюдаў. — Я проста баюся іх. І сапраўды, людзі гэтыя страшныя. Больш страшныя, як разбойнікі. Разбойнік усё-такі можа пашкадаваць — гэтыя-ж не могуць пашкадаваць: яны застрахованы ад жалю, як гэтыя каменні ад расліннасці, Вось гэтым яны і жудасны. Гавораць, жудасны Пугачовы, Разіны. Гэтыя жудаснейшыя ў тысячу разоў, — працягваў ён думаць, — калі-б была дадзена псіхалагічная задача: як зрабіць так, каб людзі нашага часу, хрысціяне, гуманныя, проста добрыя людзі, рабілі самыя жудасныя злачынствы, не адчуваючы сябе вінаватымі, дык магчыма толькі адно вырашэнне: трэба, каб было тое самае, што ёсць, трэба, каб гэтыя людзі былі губернатарамі, сматрыцелямі, афіцэрамі, паліцэйскімі, г. зн., каб, па-першае, былі ўпэўнены, што ёсць такая справа, якая завецца дзяржаўнай службай, пры якой можна абыходзіцца з людзьмі, як з рэчамі, без чалавечага, брацкага дачынення да іх, а, па-другое, каб людзі гэтай самай дзяржаўнай службай былі звязаны так, каб адказнасць за вынікі іхніх учынкаў з людзьмі не лажылася ні на каго асобна. Па-за гэтымі ўмовамі няма магчымасці ў наш час рабіць такія жудасныя справы, як тыя, якія я бачыў сёння. Уся справа ў тым, што людзі думаюць, што ёсць становішчы, у якіх можна абыходзіцца з чалавекам без любові, а такіх становішчаў няма. З рэчамі можна абыходзіцца без любові: можна сячы дрэвы, рабіць цэглу, каваць жалеза без любові; але з людзьмі нельга абыходзіцца без любові таксама, як нельга абыходзіцца з пчоламі без асцярожнасці. Гэткую ўласцівасць маюць пчолы. Калі пачнеш абыходзіцца з імі неасцярожна, дык і ім пашкодзіш і сабе. Тое самае і з людзьмі. І гэта не можа быць іначай, таму што ўзаемная любоў паміж людзьмі ёсць асноўны закон жыцця чалавечага. Праўда, што чалавек не можа прымусіць сябе любіць, як ён можа прымусіць сябе працаваць, але з гэтага не выходзіць, што можна абыходзіцца з людзьмі без любові, асабліва, калі чаго-небудзь патрабуеш ад іх. Не адчуваеш любові да людзей, сядзі ціха, — думаў