Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/384

Гэта старонка не была вычытаная

Нехлюдаў, звяртаючыся да сябе, — займайся сабой, рэчамі, чым хочаш, але толькі не людзьмі. Як есці можна без шкоды і з карысцю толькі тады, калі хочацца есці, гэтак і з людзьмі можна абыходзіцца з карысцю і без шкоды толькі тады, калі любіш. Толькі дазволь сабе абыходзіцца з людзьмі без любові, як ты ўчора абыходзіўся з шваграм, і няма канца і краю жорсткасці і лютасці ў дачыненні да іншых людзей, як гэта я бачыў сёння, і няма мяжы пакуты для сябе, як я даведаўся пра гэта з усяго свайго жыцця. Але, але, гэта так, — думаў Нехлюдаў. Гэта добра, добра!“ — паўтараў ён сабе, адчуваючы падвойную асалоду — прахалоды пасля пякельнай спекі і ўсведамлення дасягнутай вышэйшай ступені яснасці ў пытанні, якое даўно займала яго.


XLI

Вагон, у якім было месца Нехлюдава, быў да паловы поўны народам. Былі тут прыслуга, масцеравыя, фабрычныя, мяснікі, яўрэі, прыказчыкі, жанчыны, жонкі рабочых, быў салдат, былі дзве пані: адна маладая, другая паджылая з браслетамі на аголенай руцэ і пан са строгім выглядам з какардай на чорнай фуражцы. Усе гэтыя людзі, ужо заспакоеныя пасля размяшчэння, сядзелі ціха, хто лускаючы семкі, хто курачы папяросы, хто жвава гутарачы з суседзямі.

Тарас з шчаслівым выглядам сядзеў направа ад праходу, пільнуючы месца для Нехлюдава, і жвава гутарыў з мускулістым чалавекам у расшпіленай суконнай паддзёўцы, які сядзеў супроць яго. Гэта быў, як потым даведаўся Нехлюдаў, садоўнік, які ехаў на месца. Не даходзячы да Тараса, Нехлюдаў спыніўся ў праходзе каля паважнага на выгляд дзеда з белай барадой, у нанкавай паддзёўцы. Дзед гутарыў з маладой жанчынай ў вясковым адзенні. Побач з жанчынай сядзела, далёка не дастаючы нагамі да падлогі, сямігадовая дзяўчынка ў новым сарафанчыку з касіцай амаль белых валасоў і, не перастаючы, лускала семкі. Азірнуўшыся на Нехлюдава, дзед падабраў з глянцавітай лаўкі, на якой ён сядзеў адзін, палу сваёй паддзёўкі і ласкава сказаў: