Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/385

Гэта старонка не была вычытаная

— Калі ласка, сядайце.

Нехлюдаў падзякаваў і сеў на паказанае месца. Як толькі Нехлюдаў сеў, жанчына працягвала спынены расказ. Яна расказвала пра тое, як яе ў горадзе сустрэў муж, ад якога яна цяпер вярталася.

— На масленіцу была, ды вось, бог даў, цяпер пабывала, — гаварыла яна. — Цяпер, калі бог дасць, на каляды.

— Добрая справа, — сказаў дзед, азіраючыся на Нехлюдава, — наведваць трэба, а то чалавек разбэсціцца, у горадзе жывучы.

— Не, дзядуля, мой — не такі чалавек. Не тое, што глупства якога, ён як красная дзяўчына. Грошы ўсе да капеечкі дамоў пасылае. А як дзяўчынку сустрэў — от узрадаваўся, што і сказаць нельга, — сказала жанчына ўсміхаючыся. Дзяўчынка, якая плявалася семкамі і слухала маці, нібы сцвярджаючы словы маці, зірнула спакойнымі, разумнымі вачыма ў твар дзеда і Нехлюдава.

— А разумны, дык і таго лепей, — сказаў дзед. — А вось гэтым не займаецца? — дадаў ён, паказваючы вачыма на парачку — мужа з жонкай, напэўна фабрычных. Яны сядзелі з другога боку праходу. Фабрычны — муж, прыставіўшы да рота бутэльку з гарэлкай, захіліўшы галаву, цягнуў з яе, а жонка, трымаючы ў руцэ мяшок, з якога вынята была бутэлька, уважліва глядзела на мужа.

— Не, мой і не п‘е, і не курыць, — сказала жанчына, што гутарыла са старым, карыстаючыся выпадкам яшчэ раз пахваліць свайго мужа. — Такіх людзей, дзядуля, мала зямля родзіць. Вось ён які, — сказала яна, звяртаючыся і да Нехлюдава.

— Лепей не трэба, — паўтарыў дзед, гледзячы, як п‘е фабрычны.

Фабрычны, адпіўшы з бутэлькі, падаў яе жонцы. Жонка ўзяла бутэльку і, смеючыся і ківаючы галавой, прыклала яе таксама да рота. Заўважыўшы на сабе погляд Нехлюдава і дзеда, фабрычны звярнуўся да іх:

— Што, паночку? Што п‘ем мы? Як працуем — ніхто не бачыць, а вось як п‘ем — усе бачаць. Зарабіў — і п‘ю і жонку частую. І ўсё тут.