Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/386

Гэта старонка не была вычытаная

— Так, так, — сказаў Нехлюдаў, не ведаючы, што адказаць.

— Правільна, пане? Жонка мая жанчына цвёрдая! Я з жонкай у згодзе жыву, таму яна мне можа спачуваць. Правільна я кажу, Маўра?

— Ну, на, вазьмі. Не хачу болей, — сказала жонка, аддаючы яму бутэльку. — І чаго мелеш глупства, — дадала яна.

— Вось як, — працягваў фабрычны, — то добрая-добрая, а то і зарыпіць, як калёсы непадмазаныя. Маўра, так я кажу?

Маўра, смеючыся, п‘яным жэстам махнула рукой.

— Ну, пачаў…

— Вось яно як, добрая-добрая да часу, а як занатурыцца, яна тое зробіць, што і падумаць нельга… Праўду я кажу. Вы мне, пане, даруйце. Я выпіў, ну, што-ж цяпер рабіць… — сказаў фабрычны і пачаў класціся спаць, схіліўшы галаву на калені жонкі, якая ўсміхалася.

Нехлюдаў пасядзеў некаторы час з дзедам, які расказаў яму пра сябе, што ён пячнік, 53 гады працуе і склаў на сваім вяку пячэй, што і ліку няма, а цяпер збіраецца адпачыць, але ўсё няма калі. Быў вось у горадзе, прыстроіў хлапцоў на работу, а цяпер едзе ў вёску наведаць сваякоў. Выслухаўшы расказ дзеда, Нехлюдаў устаў і пайшоў на тое месца, якое пільнаваў для яго Тарас.

— Што-ж, пане, садзіцеся. Мы мяшок сюды адсунем, — ласкава сказаў, зірнуўшы ўгору, у твар Нехлюдава садоўнік, які сядзеў супроць Тараса.

— „В тесноте, да не в обиде“, — сказаў пявучым голасам, усміхаючыся Тарас і, як пёрка, сваімі моцнымі рукамі падняў свой двухпудовы мяшок і перанёс яго да акна. — Месца шмат, а то і пастаяць можна, і пад лаўкай можна. Яшчэ як спакойна. А то сварыцца! — гаварыў ён, свецячыся добрадушшам і ласкавасцю.

Тарас гаварыў пра сябе, што калі ён не вып‘е, у яго слоў няма, а што ў яго ад віна знаходзяцца словы добрыя, і ён усё сказаць можа. І сапраўды, цвярозым Тарас маўчаў; калі-ж выпіваў, што здаралася з ім рэдка і толькі ў асаблівых выпадках, дык ён рабіўся асабліва прыемна-гаваркім.