Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/387

Гэта старонка не была вычытаная

Ён гаварыў тады і багата і добра, — з вялікай простасцю, шчырасцю і, галоўнае, ласкавасцю, якая так і свяцілася з яго добрых блакітных вачэй і з ветлівай усмешкай, што не зыходзіла з вуснаў.

У гэткім становішчы ён быў сёння. Набліжэнне Нехлюдава на мінуту прымусіла яго замаўчаць. Але, прыладзіўшы мяшок, ён сеў, як раней, і, паклаўшы, дужыя рабочыя рукі на калені, гледзячы проста ў вочы садоўніку, працягваў свой расказ. Ён расказваў свайму новаму знаёмаму падрабязна гісторыю сваёй жонкі, за што яе саслалі, і чаму ён цяпер ехаў за ёю ў Сібір.

Нехлюдаў ніколі не чуў падрабязна гэтага расказа і таму з цікавасцю слухаў. Ён заспеў на тым месцы, калі атручэнне было зроблена, і ў сям‘і даведаліся, што зрабіла гэта Фядос‘я.

— Гэта я пра сваё гора расказваю, — сказаў Тарас, шчыра, як да прыяцеля, звяртаючыся да Нехлюдава. — На чалавека такога напаў душэўнага, — разгаварыліся, я і кажу.

— Так, так, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, вось, гэткім чынам, братка ты мой, высветлілася справа. Узяла маці скавароднік гэты самы, „іду, — гаворыць, — да урадніка“. Бацька ў мяне стары, правільны. „Пачакай, — гаворыць старая, — маладзіца — дзіцёнак зусім, сама не ведала, што рабіла, пашкадаваць трэба. Яна, можа, апамятаецца“. Куды там, не слухае нічога. Пакуль мы яе трымаць будзем, яна, — гаворыць, — нас, як прусакоў звядзе“. Пайшлі, братка ты мой, да урадніка. Той адразу прыпёрся да нас… Адразу панятых.

— Ну, а ты што? — спытаў садоўнік.

— А я, браце ты мой, ад жывата валяюся ды блюю. Усе вантробы перавярнула, нічога і сказаць не магу. Тады запрог бацька калёсы, пасадзіў Фядос‘ю, — у стан, а адтуль да следчага. А яна, братка ты мой, як спачатку прызналася ва ўсім, так і следчаму ўсё, як ёсць, па чарзе і выклала. І дзе мыш‘як узяла, і як скавароднікі зрабіла. „Навошта, — гаворыць, — ты зрабіла?“ — „А таму, — гаворыць, — абрыдзеў ён мне. Мне, — гаворыць, — Сібір лепей, як з ім жыць“, са мной