Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/389

Гэта старонка не была вычытаная

дзіву даешся. У нас тады тры дзесяціны арандаваныя былі, а бог даў, што авёс урадзіўся на дзіва. Я кашу, яна вяжа, а то абодва жнем. Я да працы здацен, пад рукамі гарыць, а яна яшчэ здатнейшая, за што ні возьмецца. Баба рупная ды маладая, у саку. І да работы, братка ты мой, такой прагнай зрабілася, што я яе ўжо сунімаю. Прыдзем дамоў, пальцы папухнуць, рукі гудуць, адпачыць-бы трэба, а яна, не вячэраўшы, бяжыць у хлеў, на ранне вяслы рыхтаваць. Што сталася!

— І што-ж, і з табой пачала ласкава абыходзіцца? — спытаў садоўнік.

— І не кажы, гэтак прысмалілася да мяне, што як адна душа. Што я задумаю, яна разумее. Ужо і маці, якая сярдзітая, і тая говорыць: „Фядос‘ю нашу нібы падмянілі, зусім іншай бабай зрабілася“. Едзем аднаго разу з двума калёсамі за снапамі, у адных пярэдніх сядзім з ёю. Я і кажу: „Як-жа ты гэта, Фядос‘я, тую справу надумала?“ „А як надумала, — гаворыць, — не хацела з табой жыць, лепей, думаю, памру, але не буду“. — „Ну, а цяпер?“ — кажу. — „А цяпер, — гаворыць, — ты ў мяне ў сэрцы“. — Тарас спыніўся і, радасна ўсміхаючыся, здзіўлена паківаў галавой. — Толькі прыбралі з поля, павёз я пяньку мачыць, прыязджаю дамоў, — пачакаў ён, памаўчаўшы, — бачу, абвестка — судзіць. А мы і думаць забыліся, завошта судзіць.

— Не іначай гэта, як нячысцік, — сказаў садоўнік, — хіба сам чалавек можа надумацца душу загубіць? Вось у нас чалавек адзін… — І садоўнік пачаў было расказваць, але поезд пачаў спыняцца.

— Здаецца станцыя, — сказаў ён, — пайсці напіцца.

Размова скончылася, і Нехлюдаў, услед за садоўнікам, вышаў з вагона на мокрыя дошкі платформы.


XLII

Нехлюдаў, яшчэ не выходзячы з вагона, заўважыў на дварэ станцыі некалькі багатых экіпажаў, запрэжаных чацвёркамі і тройкамі гладкіх коней, якія звякалі бубянцамі; вышаўшы-ж на пацямнелую ад дажджу мокрую платформу, ён