Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

Прыцягненыя ў якасці абвінавачаных Маслава, Бачкова і Карцінкін вінаватымі сябе не прызналі, заявіўшы: Маслава — што яна сапраўды была паслана Смельковым з публічнага дома, дзе яна, кажучы яе словамі, працуе, у гасцініцу „Маўрытанію“ прывезці купцу грошай, і што, адамкнуўшы там дадзеным ёй ключом чамадан купца, яна ўзяла з яго 40 рублёў срэбрам, як ёй было загадана, але больш грошай не брала, што могуць пацвердзіць Бачкова і Карцінкін, у прысутнасці якіх яна адмыкала і замыкала чамадан і брала грошы. Далей паказала, што яна, другі раз прыехаўшы ў нумар купца Смелькова, сапраўды дала яму, падвучаная Карцінкіным, выпіць з кан‘яком нейкіх парашкоў, якія яна лічыла, што яны наводзяць сон, для таго, каб купец хутчэй заснуў і адпусціў яе. Пярсцёнак падарыў ёй сам Смелькоў пасля таго, як ён пабіў яе і яна заплакала і хацела ад яго паехаць.

Еўфімія Бачкова паказала, што яна нічога не ведае аб пакрадзеных грошах, і што яна і ў нумар купца не ўваходзіла, а гаспадарыла там адна Любка, і калі што пакрадзена ў купца, дык зрабіла пакражу Любка, калі яна прыязджала з купцовым ключом па грошы. — На гэтым месцы чытання Маслава здрыганулася, адкрыўшы рот, азірнулася на Бачкову. — Калі-ж Еўфіміі Бачковай быў прад‘яўлен яе рахунак у банку на 1800 р. срэбрам, — працягваў чытаць сакратар, — і было запытана: адкуль у яе ўзяліся гэткія грошы, яна паказала, што яны нажыты ёй на працягу дванаццаці год разам з Сімонам Карцінкіным, за якога яна збіралася выйсці замуж. Сімон Карцінкін у сваю чаргу, пры першым паказанні сваім прызнаўся, што ён разам з Бачковай, падвучаны Маславай, якая прыехала з ключом з публічнага дома, украў грошы і падзяліўся імі з Маславай і Бачковай. — Пры гэтым Маслава зноў уздрыганула, падскочыла нават, барвова пачырванела і пачала гаварыць нешта, але судовы прыстаў спыніў яе. — Урэшце, — працягваў чытанне сакратар, — Карцінкін прызнаўся і ў тым, што даў Маславай парашкі, каб навесці сон на купца; а ў другім сваім паказанні адмаўляў свой удзел у пакражы грошай і перадачы парашкоў Маславай, ва ўсім абвінавачваючы яе