Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/391

Гэта старонка не была вычытаная

У гэты самы час з-за рогу станцыі з‘явіўся аднекуль на платформу натоўп рабочых ў лапцях і з кажухамі і мяшкамі за спінамі. Рабочыя рашучымі мяккімі крокамі падышлі да першага вагона і хацелі ўвайсці ў яго, але адразу-ж былі адагнаны ад яго кандуктарам. Не спыняючыся, рабочыя пайшлі, спяшаючы і наступаючы адзін аднаму на ногі, далей, да суседняга вагона, і пачалі ўжо, чапляючыся мяшкамі за вуглы і дзверы вагона, уваходзіць у яго, як другі кандуктар ад дзвярэй станцыі ўбачыў іхні намер і строга закрычаў на іх. Рабочыя, якія паспелі ўвайсці, адразу-ж паспешна вышлі і зноў такімі самымі мяккімі рашучымі крокамі пайшлі яшчэ далей да наступнага вагона, таго самага, дзе сядзеў Нехлюдаў. Кандуктар зноў спыніў іх. Яны было спыніліся, збіраючыся ісці яшчэ далей, але Нехлюдаў сказаў ім, што ў вагоне ёсць месцы, і каб яны ішлі. Яны паслухаліся яго, і Нехлюдаў увайшоў услед за імі. Рабочыя хацелі ўжо размяшчацца, але пан з какардай і абедзве дамы, прыняўшы іхні намер сесці ў гэтым вагоне за асабістую знявагу для сябе, рашуча не згадзіліся з гэтым і пачалі выганяць іх. Рабочыя — іх было чалавек 20 — і старыя і зусім маладыя, усе са стомленымі, загарэлымі сухімі тварамі, адразу-ж, чапляючыся мяшкамі за лаўкі, сцены і дзверы, відавочна адчуваючы сябе цалкам вінаватымі, пайшлі далей праз вагон, відавочна, гатовыя ісці на край свету і сесці куды-б ім ні загадалі, хаця-б на цвікі.

— Куды лезеце, чэрці! Садзіцеся тут, — крыкнуў, выходзячы ім насустрач, другі кандуктар.

— Voilá encore des nouvelles![1] — вымавіла маладая з двух дам, цалкам упэўненая, што яна сваёй добрай французскай мовай зверне на сябе ўвагу Нехлюдава. Дама-ж з браслетамі толькі ўсё прынюхвалася, маршчынілася і нешта сказала пра прыемнасць сядзець з смярдзючымі мужыкамі.

Рабочыя-ж, адчуваючы радасць і заспакаенне людзей, якія збавіліся ад вялікай небяспекі, спыніліся і пачалі размяшчацца, скідаючы рухамі пляча цяжкія мяшкі з спін і запіхваючы іх пад лаўкі.

  1. От яшчэ навіна!