Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/393

Гэта старонка не была вычытаная

— Саграшыш, калі ад стомы і гарэлачкі вып‘еш, — дадаў ён, вінавата ўсміхаючыся.

Расказаў ён яшчэ, як жанчыны за іх гаспадараць дома і як падрадчык пачаставаў іх сёння перад ад‘ездам поўвядром, як адзін з іх памёр, а другога вязуць хворага. Хворы, пра якога ён гаварыў, сядзеў у гэтым самым вагоне ў кутку. Гэта быў малады хлопчык, шэра-бледны, з сінімі губамі. Яго, відавочна, звяла і зводзіла ліхаманка. Нехлюдаў падышоў да яго, але хлопчык гэткім строгім, пакутным поглядам зірнуў на яго, што Нехлюдаў не захацеў трывожыць яго роспытамі, а параіў старшаму купіць хіны і напісаў яму на паперы назву лякарства. Ён хацеў даць грошы, але стары работнік сказаў, што не трэба: ён свае аддасць.

— Ну, колькі ні ездзіў, такіх паноў не бачыў. Не тое, каб цябе ў шыю, а ён яшчэ месца аддае. Усякія, значыцца, паны ёсць, — скончыў ён, звяртаючыся да Тараса.

„Але, зусім новы, другі, новы свет“, думаў Нехлюдаў, гледзячы на гэтыя сухія, мускулістыя члены, грубую даматканую вопратку і загарэлыя, ласкавыя і змучаныя твары і адчуваючы сябе з усіх бакоў акружаным зусім новымі людзьмі з іх сур‘ёзнымі інтарэсамі, радасцямі і пакутамі сапраўднага працоўнага і чалавечага жыцця.

„Вось ён, le vrai grand monde“, думаў Нехлюдаў, успамінаючы фразу, якую сказаў князь Карчагін, і ўвесь гэты гультайскі, раскошны свет Карчагіных з іхнімі ўбогімі мізэрнымі інтарэсамі.

І ён перажываў пачуццё радасці падарожніка, які адкрыў новы, невядомы і цудоўны свет.


КАНЕЦ ДРУГОЙ ЧАСТКІ