Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/394

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


I

Партыя, з якой ішла Маслава, прайшла блізка пяць тысяч вёрст. Да Пермі Маслава ішла па чыгунцы і на параходзе з крымінальнымі, і толькі ў гэтым горадзе Нехлюдаву ўдалося дабіцца пераводу яе да палітычных, як гэта раіла яму Богадухоўская, якая ішла з гэтай-жа партыяй.

Пераезд да Пермі быў вельмі цяжкім для Маславай і фізічна і маральна. Фізічна — ад цеснаты, бруду і агідных насякомых, якія не давалі спакою, і маральна — ад гэткіх самых агідных мужчын, якія, таксама, як насякомыя, хаця і пераменьваліся з кожным этапам, усюды былі аднолькава нахабнымі і прыліпчывымі і не давалі спакою. Паміж арыштанткамі і арыштантамі, надзірацелямі, і канвойнымі так укараніўся звычай цынічнай распусты, што ўсякай, асабліва маладой жанчыне, калі яна не хацела карыстацца сваім становішчам жанчыны, трэба было быць заўсёды пільнай. І гэта заўсёдняе становішча страху і барацьбы было вельмі цяжкім. На Маславу-ж было асабліва багата гэтых нападаў і таму, што яна была прыгожай, і таму, што ўсе ведалі яе мінулае. Той рашучы адпор, які яна давала цяпер назольным мужчынам, уяўляўся ім знявагай і выклікаў у іх супроць яе яшчэ і злосць. Памагала ёй у гэтых адносінах блізкасць яе з Фядос‘яй і Тарасам, які, даведаўшыся аб гэтых прыставаннях да яго жонкі, захацеў арыштавацца, каб абараняць яе, і з Ніжняга ехаў, як арыштант, разам са зняволенымі.