Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/396

Гэта старонка не была вычытаная

рам каля паўночнай сцяны паляў, адна перад другой прапаноўвалі свае тавары: свежы сітны, пірог, рыбу, лапшу, кашу, пячонку, мяса, яйкі, малако; у адной нават было смажанае парасё.

Сімансон, у гутаперчавай куртцы і гумавых галошах, прымацаваных зверху шарсцяных панчох шпагатам (ён быў вегетарыянцам і не карыстаўся скурамі забітых жывёл), быў таксама на панадворку, чакаючы выхаду партыі. Ён стаяў каля ганку і запісваў у запісную кніжку думку, што прышла яму ў галаву. Думка была такая:

„Калі-б, — пісаў ён, — бактэрыя назірала і даследавала пазногаць чалавека, яна прызнала-б яго неарганічнай істотай. Якраз таксама і мы прызналі зямны шар, назіраючы яго кару, істотай неарганічнай. Гэта няправільна“.

Купіўшы яек, вязку абаранкаў, рыбы і свежага пшанічнага хлеба, Маслава ўкладала ўсё гэта ў мяшок, а Мар‘я Паўлаўна разлічвалася з гандляркамі, калі сярод арыштантаў пачаўся рух. Усё змоўкла, і людзі пачалі строіцца. Вышаў афіцэр і рабіў апошнія перад выхадам загады. Усё ішло, як звычайна: пералічвалі, аглядалі цэльнасць кайданаў і злучалі пары, якія ішлі ў наручнях. Але раптам пачуўся па-начальніцку гнеўны крык афіцэра, удары па целе і плач дзіцёнка. Усё заціхла на момант, а потым па ўсяму натоўпу прабег нездаволены шэпт. Маслава і Мар‘я Паўлаўна пайшлі да месца шуму.


II

Падышоўшы да месца шуму, Мар‘я Паўлаўна і Кацюша ўбачылі наступнае: афіцэр, тоўсты чалавек з вялікімі белакурымі вусамі, хмурачыся, цёр левай рукой далонь правай, якую ён збіў аб твар арыштанта, і не перастаючы груба, непрыстойна лаяўся. Перад ім, выціраючы адной рукой разбіты да крыві твар, а другой трымаючы абкручаную хусткай дзяўчынку, якая прарэзліва крычала, стаяў у кароткім халаце і яшчэ карацейшых нагавіцах доўгі, худы арыштант з паголенай напалову галавой.