Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/397

Гэта старонка не была вычытаная

— Я цябе (брыдкая лаянка) навучу разважаць (зноў лаянка); бабам аддасі, — крычаў афіцэр. — Надзявай.

Афіцэр патрабаваў, каб былі надзеты нарўчні на „общественника“, які ішоў у ссылку і ўсю дарогу нёс на руках дзяўчынку, пакінутую яму памёршай у Томску ад тыфа жонкай. Адгаворкі арыштанта, што яму нельга ў наручнях несці дзіцёнка, раззлавалі афіцэра, які быў у дрэнным настроі, і ён збіў непакорлівага арыштанта[1].

Супроць збітага стаялі канвойны салдат і чорнабароды арыштант, з надзетай на адну руку наручняй. Ён панура глядзеў спадылба то на афіцэра, то на збітага арыштанта з дзяўчынкай. Афіцэр паўтарыў канвойнаму загад узяць дзяўчынку. Сярод арыштантаў усё мацней і мацней рабіўся шум.

— Ад Томска ішлі, не надзявалі, — чуўся хрыпкі голас з задніх радоў.

— Не шчанё, а дзіцёнак.

— Куды-ж яму дзяўчынку дзець?

— Не закон гэта, — сказаў яшчэ нехта.

— Гэта хто? — як ужалены, закрычаў афіцэр, кідаючыся ў натоўп. — Я табе пакажу закон. Хто сказаў? Ты? Ты?

— Усе гавораць. Таму… — сказаў шырокатвары прысадзісты арыштант.

Ён не паспеў дагаварыць. Афіцэр абодвума рукамі пачаў біць яго па твары.

— Вы бунтаваць! Я вам пакажу, як бунтаваць. Перастраляю, як сабак. Начальства толькі падзякуе. Бяры дзяўчынку!

Натоўп заціх. Дзяўчынку, якая крычала з усяе сілы, вырваў адзін канвойны, другі пачаў надзяваць наручні на пакорліва падстаўленую руку арыштанта.

— Аднясі бабам, — крыкнуў афіцэр канвойнаму, папраўляючы на сабе партупею шаблі.

Дзяўчынка, стараючыся аслабаніць ручкі з хусткі, з налітым крывёю тварам, не перастаючы, вішчэла. З натоўпу выступіла Мар‘я Паўлаўна і падышла да канвойнага.

  1. Факт апісаны ў кнізе Д. А. Лінева: „Па этапу“.