Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/401

Гэта старонка не была вычытаная

знайсці дзічыну, у тым, каб знайсці выпадак памагчы іншым. І гэты спорт зрабіўся прывычкай, зрабіўся справай яе жыцця. І рабіла яна гэта так натуральна, што ўсе знаёмыя яе, ужо не цанілі гэтага, а патрабавалі гэтага.

Калі Маслава паступіла да іх, Мар‘я Паўлаўна гідзілася ёю. Кацюша заўважыла гэта, але потым таксама заўважыла, што Мар‘я Паўлаўна, зрабіўшы намаганне над сабой, зрабілася з ёю асабліва ласкавай і добрай. І ласка і дабрата так расчулілі Маславу, што яна ўсёй душой аддалася ёй, несвядома засвойваючы яе погляды і мімаволі пераймаючы ўсё ад яе. Гэта адданая любоў Кацюшы расчуліла Мар‘ю Паўлаўну, і яна таксама палюбіла Кацюшу.

Жанчын гэтых звязала яшчэ і тое, што яны абедзве гідзіліся палавым каханнем. Адна ненавідзела гэта каханне, таму што пазнала ўсю жудасць яго; другая таму, што, не пазнаўшы яго, глядзела на яго, як на нешта незразумелае і разам з тым брыдкае і зняважлівае для чалавечага гонару.


IV

Уплыў Мар‘і Паўлаўны быў адным уплывам, якому падначальвалася Маслава. Гэта было таму, што Маслава палюбіла Мар‘ю Паўлаўну. Другім уплывам быў уплыў Сімансона. І гэты ўплыў быў таму, што Сімансон палюбіў Маславу.

Усе людзі жывуць і дзейнічаюць часткова па сваіх думках, часткова думкамі іншых людзей. З таго, наколькі людзі жывуць сваімі думкамі і наколькі думкамі іншых людзей, складаецца адна з галоўных розніц людзей паміж сабой. Адны людзі ў большасці выпадкаў карыстаюцца сваімі думкамі, як разумовай гульнёй, абыходзяцца з сваім розумам, як з махавым колам, з якога знялі пас, а ва ўчынках сваіх падначальваюцца чужым думкам — звычаю, паданню, закону; іншыя-ж, лічачы свае думкі галоўнымі рухавікамі ўсёй сваёй дзейнасці, амаль заўсёды прыслухоўваюцца да патрабаванняў свайго розуму і падначальваюцца яму, толькі часам, і то пасля крытычнай ацэнкі, робячы так, як рашылі іншыя. Такі чалавек быў Сімансон. Ён усё правяраў і рашаў розумам, а што рашаў, тое і рабіў.