Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/402

Гэта старонка не была вычытаная

Парашыўшы яшчэ гімназістам, што нажытае яго бацькам, былым інтэнданцкім чыноўнікам, нажыта несумленна, ён сказаў бацьку, што маёмасць гэту трэба аддаць народу. Калі-ж бацька не толькі не паслухаўся, а пачаў лаяць яго, ён пайшоў з дому і перастаў карыстацца сродкамі бацькі. Парашыўшы, што ўсё існуючае зло паходзіць ад неадукаванасці народу, ён, вышаўшы з універсітэта, зышоўся з народнікамі, паступіў у вёску настаўнікам і смела прапаведваў і вучням і сялянам усё тое, што лічыў справядлівым, і адмаўляў тое, што лічыў няправільным.

Яго арыштавалі і судзілі.

У часе суда ён парашыў, што суддзі не маюць права судзіць яго, і выказаў гэта. Калі-ж суддзі не пагадзіліся з ім і працягвалі яго судзіць, дык ён парашыў, што ён не будзе адказваць, і маўчаў на ўсе іхнія пытанні. Яго саслалі ў Архангельскую губерню. Там ён склаў сабе рэлігійнае вучэнне, якое кіравала ўсёй яго дзейнасцю. Рэлігійнае вучэнне гэта складалася з таго, што ўсё на свеце жывое, што мёртвага няма, што ўсе рэчы, якія мы лічым мёртвымі, неарганічнымі, ёсць толькі часткі вялізнага арганічнага цела, якое мы не можам ахапіць, і што таму задача чалавека, як маленькай часткі вялікага арганізма, складаецца з падтрымання жыцця гэтага арганізма і ўсіх частак яго. І таму ён лічыў злачынствам знішчаць жывое: быў супроць вайны, кары смерцю і ўсякага забойства не толькі людзей, але і жывёл.

У дачыненні да шлюбу ў яго была таксама свая тэорыя, якая складалася з таго, што размнажэнне людзей ёсць толькі ніжэйшая функцыя чалавека, вышэйшая-ж складаецца з служэння ўжо існуючаму жывому. Ён знаходзіў сцвярджэнне гэтай думкі ў існаванні фагацытаў у крыві. Нежанатыя людзі, на яго погляд, былі тыя самыя фагацыты, прызначэнне якіх было ў дапамозе слабым, хворым часткам арганізма. Ён так і жыў з таго часу, як рашыў гэта, хаця раней, юнаком, распуснічаў. Ён прызнаваў сябе цяпер, таксама як і Мар‘ю Паўлаўну, сусветнымі фагацытамі.

Любоў яго да Кацюшы не парушала гэтай тэорыі, бо ён любіў платанічна, думаючы, што такая любоў не толькі