Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/403

Гэта старонка не была вычытаная

не перашкаджае фагацытнай дзейнасці служэння слабым, але яшчэ больш натхняе да яе.

Але, апрача таго, што маральныя пытанні ён вырашаў па-свойму, ён вырашаў па-свойму і большую частку практычных пытанняў. У яго на ўсе практычныя справы былі свае тэорыі: былі правілы, колькі трэба гадзін працаваць, колькі адпачываць, як харчавацца, як апранацца, як паліць печы, як асвятляцца.

Разам з гэтым Сімансон быў надзвычайна нясмелым з людзьмі і сціплым. Але калі ён рашаў што-небудзь, нічога ўжо не магло спыніць яго.

Вось гэты чалавек і меў рашучы ўплыў на Маславу тым, што пакахаў яе. Маслава жаночым чуццём вельмі скора здагадалася аб гэтым, і разуменне таго, што яна магла выклікаць каханне ў гэткім незвычайным чалавеку, павысіла яе ў сваіх уласных думках. Нехлюдаў прапаноўваў ёй шлюб ад велікадушнасці і ад таго, што было раней; але Сімансон кахаў яе гэткаю, якою яна была цяпер, і кахаў проста за тое, што кахаў. Апрача таго, яна адчувала, што Сімансон лічыць яе незвычайнай, непадобнай на іншых, жанчынай, якая мае асаблівыя высокія маральныя якасці. Яна добра не ведала, якія ўласцівасці ён надае ёй, але, на кожны выпадак, каб не ашукаць яго, старалася з усіх сіл выклікаць у сабе самыя лепшыя ўласцівасці, якія толькі яна магла сабе ўявіць. І гэта прымушала яе старацца быць такой добрай, якой яна толькі магла быць.

Пачалося гэта яшчэ ў турме, калі пры агульным спатканні палітычных яна заўважыла на сабе асабліва ўпарты з-пад крутога ілба і броваў погляд яго нявінных, добрых цёмнасініх вачэй. Яшчэ тады яна заўважыла, што гэта чалавек асаблівы і асабліва пазірае на яе, і яе мімаволі ўразіла гэтае спалучэнне ў адным абліччы суровасці, якую стваралі ўскудлачаныя валасы і нахмураныя бровы, дзіцячай лагоднасці і нявіннасці позірку. Потым, у Томску, калі яе перавялі да палітычных, яна зноў убачыла яго. І не гледзячы на тое, што паміж імі не было сказана ніводнага слова, у позірку, якім яны абмяняліся, было прызнанне таго, што яны помняць і маюць значэнне адзін для ад-