Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/406

Гэта старонка не была вычытаная

пачатку рэволюцыйнага руху ў Расіі, і асабліва пасля 1 сакавіка, Нехлюдаў меў да рэволюцыянераў нядображадальнае і пагардлівае пачуццё. Адштурхвала яго ад іх перш за ўсё жорсткасць і скрытасць спосабаў, якія ўжываліся імі ў барацьбе супроць урада, галоўнае, жорсткасць забойстваў, што былі зроблены імі, і потым брыдкай яму была агульная для іх усіх рыса высока ставіць сябе. Але пазнаўшы іх бліжэй і ўсё тое, што яны, часта бязвінна, перацярпелі ад урада, ён убачыў, што яны не маглі быць іншымі, як такімі, якімі яны былі.

Як ні жудасна бессэнсоўнымі былі мукі, якімі катавалі так званых крымінальных, усё-ж такі над імі ўчынялася да і пасля прысуду нешта падобнае на законнасць; але ў справах з палітычнымі не было і гэтага падобнага, як гэта бачыў Нехлюдаў на Шуставай і потым на шмат і шмат з кім з сваіх новых знаёмых. З гэтымі людзьмі рабілі так, як робяць з рыбай, што патрапіць у невад: выцягваюць на бераг усё, што патрапіць, і потым выбіраюць тых буйных рыбін, якія патрэбны, не клапоцячыся пра малечу, якая гіне, засыхаючы на беразе. Так, захапіўшы сотні такіх, відавочна не толькі не вінаватых, але якія і не маглі быць шкоднымі для ўрада людзей, іх трымалі тады гадамі ў турмах, дзе яны заражаліся сухотамі, вар‘яцелі або самі забівалі сябе; і трымалі іх толькі таму, што не было прычыны выпускаць іх, тым часам, як будучы пад рукой у турме, яны маглі спатрэбіцца для высвятлення якога-небудзь пытання ў час следства. Лёс усіх гэтых часта нават з пункту гледжання ўрада нявінных людзей залежыў ад свавольства, вольнага часу, настрою жандарскага, паліцэйскага афіцэра, шпіёна, пракурора, судовага следчага, губернатара, міністра. Засумуе гэткі чыноўнік або пажадае вылучыцца — і робіць арышты і, гледзячы па настрою свайму або начальства, трымае ў турме або выпускае. А вышэйшы начальнік, таксама выходзячы з таго, ці патрэбна яму вылучыцца або якія ў яго дачыненні з міністрам, — або высылае на край свету, або трымае ў адзіночным зняволенні, або засуджвае на сасланне, на катаргу, на смерць, або выпускае, калі яго папросіць аб гэтым якая-небудзь дама.